ПБНФ абяцае не правакаваць сутыкненні з міліцыяй 25 сакавіка

22.03.2010 17:38
Архив Редакция

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што 25 сакавіка падчас святкавання Дня Волі апазіцыя не збіраецца ісці на сутыкненні з міліцыяй. "Будзем старацца каб усё прайшло годна, каб святкаванне 25 сакавіка адбылося на цэнтральным праспекце сталіцы", — дадаў палітык.

Аляксей Янукевіч адзначыў, што шэсце плануецца па праспекце Незалежнасці да скверу імя Янкі Купалы, дзе замоўлены мітынг. Старшыня ПБНФ адмовіўся весці людзей на плошчу Бангалор, мітынг на якой быў дазволены Мінгарвыканкамам.

«На жаль, трэба прызнаць, што не заўсёды мы можам пісаць сцэнары, як будуць разгортвацца падзеі. Важна будзе, як будуць паводзіць сябе беларускія ўлады. У нас на кожны варыянт паводзінаў уладаў прадугледжаны свой варыянт дзеянняў. Што б ні адбывалася — для нас гэта ня будзе нечаканым» — цытуе словы Аляксея Янукевіча прэс-служба ПБНФ.

Аляксей Янукевіч распавёў таксама пра планы святкавання Дня Волі. «Мы хочам зрабіць акцэнт на святкаванні, каб … шырокае беларускае грамадства звярнула ўвагу на тое, што ёсць у нас такое выдатнае свята, якое важна святкаваць. Мы запланавалі святочную праграму, музыку, выступы бардаў, паэтаў, будуць кветкі і шарыкі, будзе шмат бел-чырвона-белых сцягоў, і мы будзем іх раздаваць. Сапраўды мы хочам зрабіць гэта святам беларускай незалежнасці, святам беларускай салідарнасці», — заявіў старшыня ПБНФ.

Как вам новость?