ПБНФ абскардзіць адмову ЦВК у правядзенні "аўтарэферэндуму"

21.05.2010 10:49
Архив Редакция

Сакратар Управы Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч заявіў, што ПБНФ мае намер абскардзіць у Вярхоўным судзе адмову Цэнтравыбаркаму ў правядзенні рэферэндуму па пошлінах на аўтамабілі для фізасобаў. Акрамя таго, паведаміў юрыст, будзе адбывацца абскарджанне дзеянняў ЦВК і ў "інфармацыйным плане".

«Мы будзем інфармаваць грамадства пра сапраўдныя прычыны адмовы і пра тое, што мы будзем адстойваць інтарэсы беларускага грамадства», — адзначыў сакратар Управы Партыі БНФ у інтэрв’ю Euramost.org
Само па сабе рашэнне Цэнтравыбаркаму па «аўтарэферэндуме» прадстаўнік ПБНФ назваў «проста смешным». «Улады спаслаліся на тое, што мы няправільна сінтаксічна склалі пытанне. Але Выбарчы кодэкс у такім разе дае права ЦВК звярнуцца да ініцыятыўнай групы з прапановай па змене трактоўкі пытання», — растлумачыў Уладзімір Лабковіч.
Па словах юрыста, тое, што ЦВК не скарысталася гэтым правам, не накіраваў Партыі БНФ прапанову змяніць пытанне, паказвае, што «ўлады ніякім чынам не жадаюць нават дапушчаць магчымасці, каб мы легальна і свабодна абаранялі народныя інтарэсы».
У той жа час у ПБНФ убачылі ў адмове ЦВК і станоўчыя моманты. «Мы здаволены, што гэтым разам хоць бы прызналі, што сама ініцыятыўная група была створана бездакорна, як бездакорна былі праведзены ўсе нашы мерапрыемствы», — сказаў сакратар Управы Партыі БНФ.
Як раней паведаміў Тэлеграф, 20 траўня Цэнтравыбаркам Беларусі адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць павелічэння ўвазных мытных пошлінаў на аўтамабілі. «Збор ініцыятыўнай групы прайшоў у адпаведнасці з заканадаўствам, аднак ЦВК атрымала адмоўнае заключэнне па пытанні, якое выносіцца на рээферэндум, з Генпракуратуры і міністэрства юстыцыі», — расказала член ЦВК Надзея Кісялёва.

Как вам новость?
Головоломки