ПБНФ: Беларусь павінна выйсці з МС і АДКБ

23.08.2010 12:53
Архив Редакция

Беларусь павінна выйсці са складу Мытнага саюза і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Такая заявя ўтрымліваецца ў «Маніфесце аб абароне нацыянальных інтарэсаў», агучаным 23 жніўня лідарам Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам і прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта ад партыі Рыгорам Кастусёвым.

«Эканамічныя інтарэсы беларусаў істотна разыходзяцца з палітыка-эканамічнымі арыенцірамі такіх дзяржаў, як РФ ці Рэспубліка Казахстан. Адпаведна, авантурны праект сучаснага рэжыму па далучэнні да мытнага саюзу з узгаданымі краінамі павінен быць згорнуты ў кароткія тэрміны», — гаворыцца ў Маніфесце ПБНФ.

Таксама Беларусі варта выйсці са складу АДКБ — «структуры, фактычнай канчатковай мэтай якой з’яўляецца фармаванне карных сілаў для прасоўвання імперскіх інтарэсаў Масквы», мяркуе кіраўніцтва ПБНФ. На думку аўтараў маніфесту, дадзеная арганізацыя перашкаджае кантактам з еўрапейскімі краінамі, а таксама мадэрнізацыі беларускага войска.

Акрамя таго, члены ПБНФ заявілі аб неабходнасці вываду з тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых базаў, бо «наша зямля не прызначана быць «шчытом», «фарпостам» або «буферам» для суседніх дзяржаў». Таксама неабходна спыніць «злачынную практыку замоўчвання і ігнаравання чарнобыльскай праблемы», у краіне трэба ўвесці радыяцыйны кантроль, адпаведны нормам Еўрасаюзу, гаворыцца ў дакуменце.

У эканамічнай сферы кіраўніцтва ПБНФ заявіла пра неабходнасць адмовы ў прыватызацыі дзяржуласнасці арганізацыям «якія наўпрост альбо праз пасрэднія структуры кантралююцца ўрадамі суседніх краін, ці звязаныя з дзейнасцю злачынных груповак і незаконных палітычных рэжымаў». Акрамя таго, згодна з маніфестам, тэрміновай задачай павінна стаць дыверсіфікаванне энергасістэмы краіны.

Таксама вялікую ўвага аўтары маніфесту надалі неабходнасці павышэння нараджальнасці ў краіне і забеспячэння абароны і развіцця беларускай мовы і культуры — «асновы існавання беларускай нацыі».

ПБНФ: праца па маскоўскіх сцэнарах непрымальная

На думку кіраўніцтва партыі, пагроза палітычнай і эканамічнай незалежнасці зыходзіць не толькі ад сучаснага рэжыму, але і ад расійскіх уладаў і звязаных з імі алігархаў. «Лічым марнай і непрымальнай працу па сцэнарах, напісаных ў Маскве, бо іх мэтай з’яўляецца захаванне і замацаванне кліенцкай залежнасці Беларусі ад РФ, створанай сучасным рэжымам, і яны не прывядуць да рэальнай дэмакратызацыі краіны», — заявілі ў ПБНФ.

«Барацьба з Лукашэнкам (прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам — Тэлеграф) і зняцце Лукашэнкі рукамі Масквы для нашай краіны, для Беларусі, вельмі небяспечна. Расія, як і раней, вельмі інтэнсіўна, а цяпер яшчэ больш інтэнсіўна пачала шукаць сілы, на якія яна хацела б абаперціся ўнутры Беларусі для барацьбы з Лукашэнкам. Мы і раней заяўлялі, што мы — за аб’яднанне, за незалежнасць Беларусі. Але аб’яднанне супраць кагосьці, якое абвяшчаецца многімі палітыкамі, аб’яднанне супраць Лукашэнкі — гэта вельмі слабая пазіцыя. Мы за аб’яднанне на глебе «за»», — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад ПБНФ Рыгор Кастусёў.

Таксама, па яго словах, партыя не збіраецца падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку «за нейкія там месцы ў парламенце».

Янукевіч: да выбараў можа ўтварыцца два апазіцыйныя цэнтры

Кіраўніцтва ПБНФ таксама выступіла з ініцыятывай аб’яднання ўсіх дэмакратычных партыяў на аснове прызнання імі першасных нацыянальных інтарэсаў. «Сёння спадар Рыгор Кастусёў накіруе дадзены маніфест на падпісанне кожнаму патэнцыйнаму кандыдату заказным лістом, каб нельга было сказаць, што не атрымалі, не ведалі», — паведаміў кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч.

У той жа час, як адзначыў лідар ПБНФ, ліст не будзе адпраўлены лідэру ЛДП РБ Сяргею Гайдукевічу, які заявіў 21 жніўня, што суверэнітэт Беларусі варта шукаць у Расіі.

Па словы Аляксея Янукевіча, механізмы аб’яднання могуць быць рознымі, але «выхад на адзінага кандыдата магчымы толькі шляхам дамоўленасці». У той жа час кіраўнік ПБНФ не выключыў магчымасці таго, што да выбараў могуць ўтварыцца два апазыцыйныя цэнтры: «псеўдадэмакратычны пад расійскі сцэнар і нацыянал-дэмакратычны пад беларускі сцэнар».

Как вам новость?