ПБНФ падала ў ЦВК дакументы па аўтарэферэндуме

15.04.2010 11:32
Архив Редакция

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў пра тое, што ПБНФ падала 14 красавіка ў Цэнтравыбаркам дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць павелічэння мытных пошлін на ўвазныя ў Беларусь легкавыя аўтамабілі. "Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы будзе сведчыць пра нежаданне ўлад абараняць інтарэсы насельніцтва", — сказаў апазіцыйны палітык.

Па словах Аляксея Янукевіча, у склад ініцыятыўнай групы ўвайшлі 122 чалавекі з усіх абласцей Беларусі і Мінска. Партыя БНФ вынесла на рэферэндум пытанне: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру мытных пошлін на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?»

У сваю чаргу, ЦВК павінна праверыць законнасць створанай ініцыятыўнай групы, ініцыятарам чаго выступіла ПБНФ, і на працягу месяца вынесці рашэнне пра яе рэгістрацыю. У сваім рашэнні Цэнтравыбаркам будзе засноўвацца на заключэнні міністэрства юстыцыі пра тое, ці можа гэта пытанне разглядацца на рэспубліканскім рэферэндуме, перадае БелаПАН.

Калі заключэнне мінюста і рашэнне Цэнтравыбаркаму будуць станоўчымі і ініцыятыўную групу зарэгіструюць, дык рэферэндум можа адбыцца ў чэрвені гэтага года, адзначылі ў партыі.

Як раней ужо паведамляў Тэлеграф, прадстаўнікі Партыі БНФ мяркуюць, што дамова пра стварэнне Мытнага саюза, падпісаная 27 лістапада ў Мінску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, «ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх уступленне ў моц падпісаных дакументаў пацягне пагаршэнне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным падвышэннем мытных тарыфаў і, адпаведна, коштаў на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасці на легкавыя аўтамабілі».

Апазіцыянеры таксама ўпэўненыя, што стварэнне Мытнага саюза ігнаруе інтарэсы беларускага малога і сярэдняга бізнэсу.

Першы сход ініцыятыўнай групы адбыўся 28 лютага 2010 года. Аляксей Янукевіч раней таксама паведаміў пра тое, што ёсць усе шанцы зарэгістраваць ініцыятыўную групу і сабраць неабходныя 450 тыс. подпісаў для правядзення рэферэндуму. «І нават калі ўсе дакументы, усё будзе зроблена бездакорна, улады знойдуць мноства прыдзірак, каб паспрабаваць не зарэгістраваць групу», — заяўляў старшыня Партыі БНФ.

Как вам новость?
Головоломки