ПБНФ: вылучаць адзінага кандыдата трэба пасля збору подпісаў

30.08.2010 10:13
Архив Редакция

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што дамаўляцца аб вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах трэба пасля збору подпісаў. Палітык лічыць, што цяпер кансультацыі па гэтым пытанні да выніку не прывядуць.

«Збор подпісаў пакажа, які кандыдат гатовы паспяхова ўдзельнічаць у выбарах. Пасля збору подпісаў можна праводзіць кансультацыі аб адзіным сцэнары ўдзелу ў выбарах», — заявіў Аляксей Янукевіч, перадае БелаПАН.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, якога вылучылі партыйным кандыдатам на пасаду прэзідэнта, распавёў пра свой удзел у перамовах аб каардынацыі дзеянняў у прэзідэнцкай кампаніі. Па яго словах, перамовы вядуцца паспяхова з сустаршынём аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталём Рымашэўскім, палітыкам Алесем Міхалевічам, з лідарам руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

Таксама ёсць верагоднасць дамовіцца з лідарам «Гавары праўду!» Уладзімірам Някляевым, паведаміў Рыгор Кастусёў. Аднак, пакуль не ўдаецца дамовіцца з лідарам кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым.

ПБНФ заклікае апазіцыю абмеркаваць маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў

Разам з тым, ніхто з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта пакуль не пажадаў падпісаць маніфест, прапанаваны ПБНФ. Партыя БНФ, у сваю чаргу, заклікае прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта да дэбатаў, асабліва, да абмеркавання палажэння маніфесту аб абароне нацыянальных інтарэсаў.

Нягледзячы на тое, што афіцыйнай рэакцыі на прапанову далучыцца да маніфесту не было, лідар ПБНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што падпісаць дакумент можа лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, а таксама палітык Алесь Міхалевіч.

Лябедзька: схавайце свае прэзідэнцкія амбіцыі куды падалей

Разам з тым, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька параіў большасці прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост «схаваць свае прэзідэнцкія амбіцыі куды падалей».

«Сёння сітуацыя ў краіне больш спрыяльная для перамогі апазіцыі на выбарах, чым у 2001 і 2006 гадах. Але гэта заслуга не нашай з вамі дзейнасці і не стратэгіі Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі, а сусветнага эканамічнага крызісу», — адзначыў палітык на канферэнцыі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў Мінскай вобласці 29 жніўня.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 23 жніўня лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад партыі Рыгор Кастусёў агучылі «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў», у якім значылася, акрамя ўсяго іншага, што Беларусь павінна выйсці са складу Мытнага саюза і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Маніфест падвергся жорсткай крытыцы з боку некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Так, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які плануе вылучаць сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта Беларусі, назваў дадзены маніфест «недарэчным» і заявіў, што «ні адзін разважны беларускі палітык яго не падпіша».

Как вам новость?
Головоломки