ПБНФ хоча памірыцца з "Народнай воляй"

10.03.2011 12:38
Архив Редакция

Партыя БНФ выказвае шкадаванне ў сувязі з канфліктам паміж яе намеснікам старшыні Рыгорам Кастусёвым і галоўным рэдактарам газеты "Народная воля" Іосіфам Сярэдзічам. Кіраўніцтва партыі "разглядае эскалацыю спрэчак паміж бакамі ў гэтым канфлікце як непрымальную, а выкарыстаныя ў спрэчках ўзаемныя абвінавачанні - як шкодныя для адзінства дэмакратычных сіл Беларусі".

«З боку кіруючага ў Беларусі дыктатарскага рэжыму разгорнута нечуваная кампанія ўціску і рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці. У такіх умовах яднанне ўсіх здаровых сілаў беларускага грамадства з’яўляецца важнай каштоўнасцю, страта якой была б недаравальная. Тым больш, недаравальным было б падарваць адзінства дэмакратычных сілаў з-за персанальных крыўдаў і негатоўнасці да прыняцця цывілізаваных нормаў грамадскай дыскусіі», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ПБНФ.
 
У ПБНФ адзначылі, што «незалежныя і аб’ектыўныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца прынцыпова важным падмуркам грамадзянскай супольнасці краіны», паплечнікамі «ў барацьбе супраць дыктатарскага рэжыму, які пануе цяпер у Беларусі». «Газета «Народная Воля» з’яўляецца адным з самых моцных байцоў у нашым агульным фронце барацьбы з дыктатурай», — заявілі ў партыі.
 
Кіраўніцтва ПБНФ вітала крытыку з боку СМІ, заклікаўшы пры гэтым журналістаў прытрымлівацца здаровага сэнсу і прынцыпаў Кодэксу этыкі журналіста. Лідары партыі таксама заклікалі Рыгора Кастусёва і Іосіфа Сярэдзіча да «стрыманасці ў палеміцы» і «спынення ўзаемных публічных абвінавачанняў дзеля хутчэйшага вырашэння канфлікту». Яны таксама звярнуліся да камісіі па этыцы Беларускага асацыяцыі журналістаў з просьбай даследаваць публікацыі, якія сталі прычынай дадзенага канфлікту, і аказаць бакам дапамогу ў яго як мага больш хуткім вырашэнні.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Рыгор Кастусёў заявіў на з’ездзе абласной арганізацыі ПБНФ ў Гомелі, што «Народная воля» апублікавала два ганьбячыя яго артыкулы і адмовілася друкаваць бясплатна яго ўласныя перадвыбарныя матэрыялы.

У сваю чаргу, галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч адзначыў, што заява палітыка аб патрабаванні грошай за публікацыі перад выбарамі з’яўляецца хлуснёй.