ПБНФ хоча правесці "мегапікет" уздоўж праспекта Незалежнасці ў Мінску

13.10.2010 12:32
Архив Редакция

Члены Партыі БНФ збіраюцца правесці масавы пікет па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння намесніка кіраўніка партыі Рыгора Кастусёва кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Яны маюць намер выставіць з 17:00 да 18:00 15 кастрычніка ўздоўж праспекта Незалежнасці паміж плошчай Якуба Коласа і плошчай Перамогі стэнды па зборы подпісаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам "Пагоня".

Акцыя атрымала назву мегапікет «Праспект нацыянальнага сцяга». Як адзначылі ў ПБНФ, паводле Выбарчага кодэксу, рашэнням Мінгарвыканкама і тлумачэнням ЦВК, падобнага роду акцыі ў перыяд збору подпісаў не патрабуюць атрымання спецыяльнага дазволу, і гэтая частка праспекту не аднесена да месцаў, забароненых для пікетавання.

«Збор подпісаў за нацыянальна-дэмакратычнага кандыдата пад дзясяткамі бела-чырвона-белых сцягоў не толькі стане натхняльнай відовішчнай падзеяй, але і засведчыць упэўненасць Партыі БНФ у справе вяртання Беларусі да гістарычнай нацыянальнай сімволікі», — заявіў старшыня ПБНФ і кіраўнік ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва Аляксей Янукевіч.

Ён таксама заклікаў усіх членаў ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва, якія маюць пры сабе бел-чырвона-белы сцяг ці герб Пагоня, прыняць удзел у акцыі. Таксама кіраўнік ПБНФ запрасіў усіх жадаючых, прыйсці, каб падпісацца, або атрымаць адказ на пытанні, якія датычацца вылучэння Рыгора Кастусёва.

Как вам новость?
Головоломки