Пенсіянеры атрымаюць дапамогу ў памеры да 150 тыс. рублёў

27.06.2011 17:58
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 27 чэрвеня ўказ № 263 аб выдзяленні непрацуючым пенсіянерам разавай сацыяльнай дапамогі ў памеры да 150 тыс. рублёў. Дзеянне дакумента распаўсюджваецца на 880 тыс. чалавек, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.

Закране дакумент тых пенсіянераў, чые пенсіі не дасягаюць двухразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (686,5 тыс. рублёў), а дапамога будзе ўяўляць сабой розніцу паміж названай велічынёй і памерам пенсіі, распавяла кіраўніца мінпрацы, перадае БелТА.

«Рашэнне аб аказанні дапамогі толькі гэтай катэгорыі пенсіянераў было прынята з улікам таго, што ва ўмовах рэзкага росту кошту жыцця яны апынуліся менш абароненымі», — растлумачыла Марыяна Шчоткіна.

Фінансаванне расходаў на выплату дапамогі будзе праводзіцца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва мінпрацы. Дадатковыя выдаткі сродкаў фонду на гэтыя мэты складуць 94,4 млрд рублёў.

«Дзеянне ўказа не распаўсюджваецца на пенсіянераў, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, а таксама пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі з іншых дзяржаў і ад Рэспублікі Беларусь у іншых дзяржавах і тым самым якія знаходзяцца пад абаронай сацыяльных праграм краіны знаходжання», — адзначыла міністр.

Как вам новость?
Головоломки