Перавалка беларускіх грузаў праз Клайпеду павялічылася на 32%

12.11.2010 10:42
Архив

Аб'ём перавалкі беларускіх грузаў праз літоўскі порт у Клайпедзе ў студзені-верасні 2010 года вырас на 32% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведаміў дырэктар па маркетынгу і адміністрацыйных пытаннях порта Артурас Друнгілас. Паводле яго слоў, у агульным аб'ёме доля беларускіх грузаў павялічылася з 22% да 26% і да канца года гэты паказчык можа яшчэ вырасці.

Артурас Друнгілас паведаміў, што 40% усіх грузаў порта складае транзіт з Беларусі, Казахстана, Расіі і іншых краін. Па словах прадстаўніка порта, у 2010 годзе істотна выраслі аб’ёмы перавалкі калійных угнаенняў, ідуць актыўныя пастаўкі тэхнікі МАЗ і БелАЗ, перадае БелаПАН.

«Мы імкнемся прадставіць найлепшыя ўмовы для грузаперавозак праз наш порт, гатовыя паляпшаць умовы транзіту, экспарту і імпарту беларускіх грузаў праз порт», — падкрэсліў Артурас Друнгілас.

Як раней перадаваў Тэлеграф, на пачатку кастрычніка Беларусь і Літва дамовіліся аб транзіце венесуэльскай нафты праз порт у Клайпедзе. Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі, бакі дамовіліся з 1 студзеня 2011 года ажыццяўляць пастаўкі да 2,5 млн. тон нафты ў порт Клайпеды і далей транспартаваць яе на беларускія НПЗ.

Разам з тым, намеснік міністра энергетыкі Літвы Ромас Шведас 9 лістапада заявіў, што Літва не імкнецца да супрацоўніцтва з Беларуссю па перавалцы венесуэльскай нафты праз порт Клайпеды любой цаной. Па словах чыноўніка, магутнасці літоўскага тэрмінала Klaipedos nafta будуць задзейнічаны цалкам, нават калі Беларусь адмовіцца ад планаў па перавалцы венесуэльскай нафты праз порт Клайпеды.