Першае паседжанне ЦВК з нагоды выбараў пройдзе 15 верасня

14.09.2010 12:38
Архив Редакция

Першае паседжанне Цэнтральнага выбарчага камітэту Беларусі з нагоды прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 15 верасня. Пра гэта заявіла 14 верасня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, на першым паседжанні Цэнтрвыбаркам разгледзіць галоўныя дакументы, без якіх немагчыма правесці выбары.

У прыватнасці, 15 верасня ЦВК плануе зацвердзіць бюджэт выбарчай кампаніі, каляндарны план мерапрыемстваў, метадычныя тлумачэнні і парадак падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, перадае БелТА.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, на правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у бюджэце Беларусі прадугледжана 37 млрд. рублёў. З іх на правядзенне першага туру прадугледжана 27 млрд. рублёў, другога — каля 11 млрд. рублёў.

Лідзія Ярмошына таксама адзначыла, што прызначэнне выбараў на 19 снежня сталася для яе «прагназаванай нечаканасцю», паколькі ЦВК меркаваў, што выбары пройдуць у адну з нядзель снежня, бо студзень лічыцца неппрыдатным для правядзення выбараў. На думку кіраўніка ЦВК, пры неабходнасці другі тур прэзідэнцкіх выбараў можа адбыцца 26 снежня.

ЦВК будзе прымаць заяўкі на ўдзел у выбарах да 24 верасня

Як распавяла Лідзія Ярмошына, прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі павінны падаць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп цягам дзесяці дзён з даты прызначэння выбараў, то бок не пазней за 24 верасня.

На працягу пяці дзён пасля гэтага ЦВК павінен зарэгістраваць ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў, пасля чаго з 30 верасня можа пачацца збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў. Па законе, кандыдатам у прэзідэнты можа стаць толькі той, хто збярэ не менш за 100 тыс. подпісаў.

Ярмошына: Беларуь ў найбліжэйшы час запросіць міжнародных назіральнікаў

Лідзія Ярмошына таксама распавяла, што ў найбліжэйшыя дні або тыдні Беларусь запросіць міжнародных назіральнікаў, якія будуць сачыць за ходам падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Па яе словах, МЗС Беларусі накіруе запрашэнні ў міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца назіраннем за выбарамі. Фармат назірання міжнародныя структуры вызначаць самі, зыходзячы з уласнай стратэгіі, адзначыла кіраўніца ЦВК.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 14 верасня беларускі парламент прызначыў правядзенне выбараў прэзідэнта на 19 снежня 2010 года.

Как вам новость?
Головоломки