Першы матч фіналу АЧБ па хакеі стаў самым доўгім у гісторыі

24.03.2010 11:42
Архив Редакция

Першы матч фінальнай серыі паміж мінскім "Юнацтвам" і салігорскім "Шахцёрам", які завяршыўся 23 сакавіка перамогай салігорцаў (2:1) толькі ў сярэдзіне другога авертайма і доўжыўся 87 хвілін і 36 секунд, стаў самым працяглым у гісторыі адкрытых чэмпіянатаў Беларусі па хакеі.

Папярэдні рэкорд належаў паядынку паўфінальнай серыі «Сокал» (Кіеў) — «Керамін» (Мінск), які адбыўся 21 сакавіка 2005 у сталіцы Украіны і завяршыўся з лікам 1:0 на карысць гаспадароў пры лічбах на табло 84:38. Такім чынам, Юнацтва» і «Шахцёр» павялічылі рэкордны час амаль на тры хвіліны, паведамляе БелТА.

Пачатак паядынку застаўся за гасцямі, якія з першых хвілін актыўна насядалі на вароты мінчукоў. Атрымалі поспех салігорцы і ў кулачным паядынку. На 13-й хвіліне сустрэчы абаронца «Юнацтва» Андрэй Караўне змог працягнуць сустрэчу пасля бойкі з форвардам «Шахцёра» Віктарам Андрушчанка, сышоўшы ў распранальню з пабітым тварам.

Неўзабаве пасля гэтага салігорцы здолелі ажыццявіць сваю гульнявую перавагу закінутай шайбай. Лік адкрыў Аляксей Страхаў, які ўварваўся ў зону мінчукоў і з ходу ад правага борта патрапіў у далёкую дзявятку.

У другім перыядзе лепш выглядалі ўжо мінчукі, і ўкраінскі легіянер Аляксандр Мацярухін у падобнай сітуацыі, праўда, кідком у блізкі верхні кут, аднавіў раўнавагу.

Апроч гэтага другая дваццаціхвілінка  запомнілася сутычкай 32-гадовага форварда «Юнацтва» Дзмітрыя Дудзіка і 20-гадовага нападаючага «Шахцёра» Паўла Развадоўскага. Ля борта за чужымі варотамі, спрабуючы абараніцца ад сілавога прыёму мінчука, Развадоўскі інстыктыўна ўскінуў рукі з заціснутай у іх клюшкай, і ў гэты шлагбаўм заехаў супернік. Суддзі пакінулі момант без увагі, і праз некалькі секунд Дудзік, у якога з’явілася кроў на твары, вырашыў адпомсціць маладому гульцу госцяў, зваліўшы яго на лёд ударам у галаву. За што і накіраваўся на 12 хвілін на лаўку штрафнікоў.

У трэцім перыядзе абедзве каманды растранжырылі мноства галявых момантаў, але паразіць вароты так і не здолелі, перанесшы высвятленне адносін у авертайм.

Першы дадатковы перыяд прайшоў на сустрэчных курсах і поспеху ніводнаму з супернікаў не прынёс. А на восьмай хвіліне другога авертайма кропку ў матчы паставіў Віктар Андруixfyrf, прызнаны лепшым у складзе госцяў. У гаспадароў лепшым названы 20-гадовы галкіпер Віталь Бялінскі.

Фінальная серыя адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі пройдзе да чатырох перамог аднаго з супернікаў. Наступныя паядынкі запланаваны на 24, 27, 28 сакавіка і, калі спатрэбіцца, 30 сакавіка, а таксама першага і трэцяга красавіка. Бліжэйшы матч пройдзе ў Мінску на коўзанцы ХК «Юнацтва-Мінск» у Парку Горкага, наступныя дзве сустрэчы — на лёдзе Спартова-відовішчнага комплексу ў Салігорску. Калі пасля гэтых паядынкаў чэмпіён краіны не вызначыцца, дык пяты і шосты матчы пройдуць у мінскім Палацы спорту, а сёмы паядынак адбудзецца на 15-тысячнай «Мінск-Арэне».

У рэгулярным чэмпіянаце «Юнацтва» заняла першае месца, набраўшы 129 ачкоў у 52 матчах. «Шахцёр» фінішаваў другім — 112 (52).

На папярэднім этапе «Юнацтва» і «Шахцёр» сустракаліся чатыры разы. Тройчы выйгралі салігорцы — 2:1 (дома), 2:1 (у гасцях), 4:3 па булітах (у гасцях), а яшчэ раз мацней былі мінчукі — 2:0 (у гасцях).

Как вам новость?
Головоломки