Першую лінію мінскага метро адкрыюць 14 красавіка

13.04.2011 12:19
Архив Редакция

Працы па рамонце станцыі метро "Кастрычніцкая" не ўдалося скончыць у запланаваныя тэрміны. У сувязі з гэтым рух цягнікоў па першай лініі метро 13 красавіка ажыццяўляцца не будзе, паведамілі ў Мінгарвыканкаме. У сваю чаргу мэр Мінску Мікалай Ладуцька запэўніў, што ўжо ў 05:00 14 красавіка запрацуе Маскоўская лінія мінскага метро. Саму ж станцыю "Кастрычніцкая" для ўваходу-выхаду пасажыраў плануюць адкрыць бліжэй да вечара 14 красавіка.

Мэр горада растлумачыў, што пры рамонце станцыі «Кастрычніцкай» паўсталі «дадатковыя тэхнічныя пытанні», што і выклікала затрымку, перадае БелТА.

Пакуль жа арганізавана работа часовага аўтобуснага маршруту № 33 ад станцыі метро «Інстытут культуры» да станцыі метро «Плошча Перамогі» з выкананнем усіх прыпыначных пунктаў па ходу руху. Рух аўтобусаў маршруту № 100, як і 12 красавіка, будзе арганізаваны да станцыі метро «Уручча».

Акрамя таго, будзе павялічана колькасць рухомага складу на аўтобусным маршруце № 100, а таксама тралейбусных маршрутах № № 3, 33, 44, 46, 53 і трамвайных маршрутах № № 1, 6.

У Мінгарвыканкаме адзначылі, што да тых часоў, пакуль першая лінія метрапалітэна зачынена, праязныя дакументы на метро дзейнічаюць ва ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту акрамя маршрутных таксі.

У сваю чаргу Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе кіроўцам асабістага аўтатранспарту па магчымасці аб’язджаць праспект Незалежнасці, каб не ствараць затораў для грамадскага транспарту.

Как вам новость?