Пяцярых былых супрацоўнікаў Сомбелбанка асудзілі за фінансавыя махінацыі

16.07.2010 09:30
Архив Редакция

Суд Маскоўскага раёна сталіцы 15 ліпеня абвясціў прысуд у дачыненні да пяцярых былых супрацоўнікаў Сомбелбанку. Паводле рашэння суда ўсе пяцёра былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні фінансавых махінацыяў і былі асуджаныя на розныя тэрміны зняволення.

Галоўны фігурант справы — экс-дарадца старшыні праўлення банка — Аляксандр Катляроў прызнаны вінаватым па арт. 233 КК Беларусі (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на пяць гадоў, паведамляе БелТА.

Аляксандр Катляроў з’яўляўся лідарам злачыннай групы, якая ажыццяўляла незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, выкарыстоўваючы пячатку і рэквізіты камерцыйных структураў, створаных у Расіі, Латвіі і Беларусі (у асноўным гэта фірмы з холдынгу «Альфа»), а таксама іх разліковыя рахункі. Такім чынам, з 2002 па 2006 год група атрымала незаконны прыбытак у 326 млрд. рублёў. Шкоду, нанесеную дзяржаве, суд ацаніў у больш чым 470 млрд. рублёў. Гэтую суму трэба пакрыць ўсім фігурантам справы.

Адну з іх, Юлію Соладаву, суд асудзіў на тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права на прадпрымальніцкую дзейнасць тэрмінам на чатыры гады. Аднак, у сувязі з амністыяй у гонар 65-годдзя Перамогі з тэрміну, які ёй трэба адбыць у зняволенні, вылічаны адзін год.

У групу таксама ўваходзілі Дзмітры Фалькоўскі (грамадзянін Расіі) і Алег Бораль, якія асуджаны на тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама абодва пазбаўленыя права на прадпрымальніцтва на чатыры гады.

Двухгадовы тэрмін ва ўзмоцненым рэжыме, паводле прысуду, трэба адбыць апошняму фігуранту — Уладзіміру Марозу. Ён таксама прысуджаны да канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення права на прадпрымальніцкую дзейнасць (на тры гады).

Следства ўсталявала, што злачынная арганізацыя аказвала паслугі па «адмыве» грошай. У кожнага члена групы былі свае абавязкі: адзін кантраляваў аперацыі з каштоўнымі паперамі, другі забяспечваў бяспеку, трэці быў кур’ерам і г.д. Да самога Сомбелбанка суд і следства ніякіх прэтэнзіяў не маюць.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны на працягу дзесяці дзён пасля таго, як падсудныя атрымаюць яго копіі.

Как вам новость?
Головоломки