"Пінскдрэў" выплаціць сем'ям загінулых пры выбуху па 100 млн. рублёў

02.11.2010 16:21
Архив

Члены назіральнага савета ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" на паседжанні 1 лістапада пастанавілі для аказання дадатковай матэрыяльнай дапамогі сем'ям загінулых выплаціць па 30 млн. рублёў, пацярпелым працаўнікам - па 20 млн. рублёў. У цэлым выплаты сем'ям загінулых складуць па 100 млн. рублёў кожнай, пацярпелым - па 50 млн. рублёў.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, кіраўніцтва кампаніі «Пінскдрэў» цяпер вядзе працу са страхавымі кампаніямі на прадмет выплаты пацярпелым грашовай кампенсацыі.

Ва ўсіх калектывах прадпрыемства пачаўся збор ахвяраванняў для пацярпелых. 28 кастрычніка прадстаўнікі адміністрацыі, кіраўніцтва завода ДСП і прафкама асабіста наведалі сем’і загінулых і ўручылі кожнай дадаткова суму грошай з сабраных сродкаў, распавялі ў ЗАТ «Пінскдрэў».

Холдынг узяў на сябе ўсе выдаткі, звязаныя з арганізацыяй медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, а таксама пахавання і памінальных вячэраў. Надмагільныя помнікі памерлым будуць усталяваны за кошт прадпрыемства, адзначылі на заводзе.

Кіраўніцтва холдынгу запэўнівае, што пасля здарэння ні адзін чалавек не застанецца без працы. Усе, хто ў выніку аварыі страціў сваё працоўнае месца, працаўладкаваны на іншых прадпрыемствах холдынгу. Некаторыя папрасілі працоўны ажпачынак, па заканчэнні якога таксама будуць працаўладкаваныя, паведамілі ў ЗАТ «Пінскдрэў».

Акрамя таго, як адзначылі на прадпрыемстве, сродкі, заробленыя на суботніку, які прайшоў у Пінску згодна з рашэннем адміністрацыі завода, накіруюць на выплату сем’ям загінулых і пацярпелым, таксама на аднаўленне завода ДСП.

Як раней перадаваў Тэлеграф, жыхары Пінску выказвалі занепакоенасць у сувязі з тым, што кіраўніцтва «Пінскдрэва» накіруе заробленыя на суботніку сродкі на святкаванне 130-гадовага юбілею прадпрыемства.

Па стане на 1 лістапада, колькасць загінулых у выніку выбуху 25 кастрычніка ў ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» узрасла да 14 чалавек. У медыцынскіх установах знаходзяцца яшчэ шэсць пацярпелых. Трое з іх праходзяць лячэнне ў абласной лякарні Берасця, яшчэ трое — у лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Мінску.