Пофала: беларускія выбары — "еўрапейская трагедыя"

24.01.2011 09:00
Архив Редакция

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі, федэральны міністр па асобых даручэннях Рональд Пофала назваў мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі "еўрапейскай трагедыяй". Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка абраў шлях гвалту, які "нельга зразумець і апраўдаць".

Рональд Пофала ў інтэрв’ю нямецкаму часопісу Focus, адзначыў, што людзі, якія выступалі 19 снежня за свабоду і дэмакратыю, былі «збітыя дубінкамі, знявечаныя і кінуты ў турму». У сувязі з гэтым кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі заявіў, што ў рамках Еўрасаюза Нямеччына «выкарыстоўвае ўсе магчымыя дзеянні і не змірыцца з тым, што ў сэрцы Еўропы зневажаюцца правы чалавека», перадае БелаПАН.

Рональд Пофала заклікаў Еўрасаюз ізноў увесці абмежаванні на ўезд беларускіх чыноўнікаў, а ад беларускіх уладаў запатрабаваў вызваліць арыштаваных апазіцыянераў. «Першым крокам павінна стаць па меншай меры забеспячэнне неадкладнага і бесперашкоднага доступу да іх адвакатаў і сваякоў, а таксама поўнае медыцынскае забеспячэнне», — адзначыў прадстаўнік федэральнага канцлера Германіі.

Акрамя таго, Рональд Пофала заклікаў еўрапейскія структуры (ЕС, Раду Еўропы і АБСЕ) прытрымлівацца адзінай лініі дзеянняў. «Мы павінны выкарыстоўваць такія арганізацыі, каб дзейнічаць разам», — заявіў федэральны міністр па асобых даручэннях Германіі.

Як раней перадаваў Тэлеграф, пытанне ўвядзення санкцый у дачыненні да беларускага кіраўніцтва з боку Еўрасаюза будзе разгледжаны 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін-членаў ЕС. 20 студзеня дэпутаты Еўрапарламенту прынялі рэзалюцыю, якая заклікае да неадкладнага ўвядзення санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі. Дакумент заклікае Раду ЕС увесці забарону на выдачу візаў і замарозіць актывы ў краінах ЕС беларускіх кіраўнікоў вышэйшага звяна, чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і органаў бяспекі, якія, на думку Еўрасаюза, нясуць адказнасць за фальсіфікацыю снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў і пераслед апазіцыі.

Как вам новость?
Головоломки