Польшча абяцае Беларусі грошы ЕС пасля сумленных выбараў

19.11.2010 09:44
Архив

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі 18 лістапада на сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Уладзімірам Някляевым заявіў, што ў выпадку правядзення ў краіне сумленных выбараў Польшча гатовая «стаць правадніком беларускіх інтарэсаў у Еўропе, і не толькі ў палітычным сэнсе, але таксама ў вымяральным, бо мы ведаем, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі невясёлая».

Ён таксама паведаміў, што Польшча дапаможа Беларусі незалежна ад таго, хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах. «Я хачу, каб Беларусь ведала, што мы ў Польшчы адчуваем салідарнасць з беларускім народам», — падкрэсліў Радаслаў Сікорскі, паведамляе беларуская служба радыё «Свабода».

Па словах кіраўніка МЗС Польшчы, яго краіна, з’яўляючыся бліжэйшым суседам Беларусі, заклапочаная якасцю выбараў у гэтай краіне і зацікаўлена ў высокім узроўні адпаведнасці выбарчых працэсаў еўрапейскім стандартам. «На жаль, многае з таго, што я ведаю, сведчыць аб нізкім узроўні дэмакратыі на будучых выбарах, але, тым не менш, ёсць яшчэ час, каб нешта змяніць і даць замежным назіральнікам падставы засведчыць, што змены да лепшага сапраўды адбыліся», — адзначыў ён, перадае сайт грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Някляеў: Еўропа не прызнае недэмакратычныя выбары ў Беларусі

У сваю чаргу кандыдат Уладзімір Някляеў абверг заявы прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце аб тым, што дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца адзіным моцным кандыдатам, здольным забяспечыць незалежнасць краіны. «Я ведаю, што гэта не так на самой справе і хацеў бы данесці гэтую інфармацыю да еўрапейскай супольнасці», — заявіў кандыдат.

«І падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Чэхіі Карлам Шварцэнбергам, і ў рамках сённяшняй гутаркі з панам Сікорскім прагучала надзвычай важнае для Беларусі пасланне: недэмакратычныя выбары ў Беларусі прызнаныя не будуць. Для нас гэта вельмі і вельмі знакавы момант, таму што за гэтым рашэннем стаяць рэальныя лёсы жывых людзей. Я яшчэ раз дзякую Польшчы і ЕС за іх падтрымку», — падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Паводле яго слоў, Радаслаў Сікорскі таксама паабяцаў аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі як да, так і пасля выбараў.

Польшча: Лукашэнка імкнецца да кіраванай дэмакратыі

Таксама кандыдат у прэзідэнты Беларусі сустрэўся са старшынём камітэту па замежных справах Сойму Польшчы Анджэем Галіцкім. Бакі абмеркавалі перспектывы назірання ЕС за выбарамі ў Беларусі і першарадныя мэты Беларусі на шляху ў Еўропу.

«Мы разумеем, што Лукашэнка імкнецца да кіраванай дэмакратыі, і ўсведамляем, што такая не дазволіць краіне развівацца. Узурпацыя уладай права на падлік галасоў нейтралізуе некаторыя зрухі да лепшага ў пачатку прэзідэнцкай гонкі», — адзначыў дэпутат.

Ён таксама адзначыў у якасці першарадных задач для Беларусі вяртанне яе ў Раду Еўропы і паўнавартаснае супрацоўніцтва ў рамках праекту «Усходняе партнёрства». «На сёння прысутнасць Беларусі ў праекце «Усходняе партнёрства» — мізэрная. Між тым, патэнцыял супрацоўніцтва — вялікі, аднак праз адсутнасць шэрагу палітычных рашэнняў Беларусь церпіць эканамічна: маем у выніку тое, што называюць «недаатрыманм прыбыткам», — паведаміў Анджэй Галіцкі.