Польшча падзякавала беларусам за спагаду

15.04.2010 09:28
Архив Редакция

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін сумесна з супрацоўнікамі дыпмісіі і Польскага інстытута 13 красавіка выступіў у Мінску з заявай, у якой ад імя сваёй краіны падзякаваў беларусам за "выказванне спачування і салідарнасці ў болі і цярпенні". "Мы апынуліся перад тварам катастрофы, якая пераўзыходзіць усе ўяўленні і магчымасці яе разумення", — сказаў дыпламат.

Па словах Генрыка Літвіна, польскую дзяржаву спасцігла вялікая трагедыя. «Дзень катастрофы пад Смаленскам чорнай старонкай увойдзе ў гісторыю Еўропы і свету», — цытуе БелыПАН словы амбасадара.

«Нельга знайсці словы, якімі можна перадаць тое, што мы ўсе адчуваем у гэтыя хвіліны, — адзначыў Генрык Літвін. — Тыя, хто павінен быў ушанаваць памяць жаўнераў з Катыні, самі загінулі ў катынском лесе. Будзем жа разам у гэтыя цяжкія хвіліны».

Мілінкевіч заклікаў беларускія ўлады абвясціць жалобу ў знак салідарнасці з Польшчай

Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заклікаў беларускія ўлады абвясціць дзень жалобы ў знак салідарнасці з польскім народам і ўсёй Еўропай. Па словах апазіцыйнага палітыка, палякі цяпер перажываюць вялікую трагедыю.

«У авіякатастрофе загінулі лепшыя прадстаўнікі палітычнай, ваеннай, інтэлектуальнай і грамадскай эліты краіны на чале з прэзідэнтам Лехам Качынскім. Усе суседзі Польшчы, у тым ліку Расія і Ўкраіна, абвясцілі нацыянальную жалобу ў сувязі з гэтым», — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

«Па ўсіх нормах людскасці і добрасуседства Беларусь павінна далучыцца да жалобы», — заявіў лідар Руху «За Свабоду», заклікаўшы беларусаў прадэманстраваць польскаму народу свае спачуванні і спагаду.

Как вам новость?
Головоломки