Польшча ўпэўненая ў эфектыўнасці санкцыяў у дачыненні да Беларусі

25.02.2011 17:07
Архив Редакция

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што ўвядзенне санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да ўладаў Беларусі ў мінулым дало станоўчы эфект. Паводле яго слоў, санкцыі паспрыялі вызваленню зняволеных апазіцыянераў раней і дапамогуць вырашыць такую ж праблему цяпер.

«Палітыка дыялогу, якую мы праводзілі ў дачыненні да Беларусі да 19 снежня 2010 года, стала магчымай таму, што ўлады вызвалілі палітвязняў. Сёння зноў з’явіліся палітвязні, такім чынам, зноў з’явіліся санкцыі, больш жорсткія», — цытуе кіраўніка МЗС Польшчы PAP.

Таксама Радаслаў Сікорскі выказаў задавальненне прынятай Соймам Польшчы рэзалюцыяй, якая асуджае «гвалт і рэпрэсіі» ў Беларусі, перадае ІА Regnum. «Польшча, а пад нашым кіраўніцтвам і ЕС ўвяла самыя жорсткія санкцыі з усіх санкцый, што былі да гэтага ў дачыненні да беларускіх уладаў», — сказаў ён.

Польскі міністр адзначыў, што яго сумесны візіт з кіраўніком МЗС Нямеччыны Гідо Вестэрвеле ў Мінск у лістападзе 2010 года быў вельмі важны, і, не будзь гэтага візіту, пасля маглі б з’явіцца абвінавачанні ў тым, што «калі б Еўропа не зрабіла Лукашэнку шчодрай прапановы, ён інакш павёў бы сябе ў дзень выбараў».

Как вам новость?