Польшча выступіла за адмену шэнгенскіх візаў для беларусаў

14.01.2011 13:31
Архив Редакция

Польшча мае намер хадайнічаць аб зніжэнні кошту або адмене шэнгенскіх візаў для беларусаў. Пра гэта распавёў сёння, 14 студзеня, на прэс-канферэнцыі кіраўнік консульскага аддзялення пасольства Польшчы ў Беларусі Марэк Марцінэк.  Па словах польскага дыпламата, Варшава зробіць хадайніцтва ў тым выпадку, калі ў Еўракамісіі будуць перамовы па дадзеным пытанні.

Між тым, як ужо перадаваў Тэлеграф, Польшча адмяніла консульскі збор за візу для беларусаў з 1 студзеня 2011 года. «Мы хочам дапамагчы нашым суседзям ва ўмацаванні еўрапейскай самаідэнтыфікацыі праз кантакты з палякамі і іншымі грамадзянамі Еўрасаюза», — заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі.

У сваю чаргу беларускі МЗС задаволены увядзеннем бясплатных польскіх візаў. «Беларускі бок заўсёды выступаў за спрашчэнне або поўную адмену візавых фармальнасцяў. На нашу думку, рашэнне польскага боку — гэта крок у патрэбным напрамку», — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Па матэрыялах: БелТА