Польскага дэпутата не пусцілі ў Беларусь

12.07.2010 10:17
Архив Редакция

Польскаму дэпутату, намесніку старшыні камісіі Сейму Польшчы па замежных справах Роберту Тышкевічу, запрошанаму ў Беларусь прадстаўнікамі неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі, не дазволілі ўехаць на тэрыторыю краіны. Памежнікі затрымалі яго на памежным пераходзе Брузгі. Пра гэта паведаміў старшыня галоўнай рады неафіцыйнага СПБ Андрэй Пачобут.

Роберт Тышкевіч накіроўваўся ў Горадню, каб прыняць удзел у акцыі, прысвечанай чарговай гадавіне аперацыі «Ostra Brama», паведамляе «Радыё Свабода».

У рамках дадзенай аперацыі, распачатай сёмага ліпеня 1944, войскі Арміі Краёвай спрабавалі перад прыходам савецкіх войскаў вызваліць ад немцаў Вільню.

Як раней паведамляў Тэлеграф, аўтамабіль са старшынёй неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Анжалікай Арэхвай і старшынём галоўнай рады гэтага грамадскага аб’яднання Андрэем Пачобутам быў затрыманы ў другой палове дня восьмага ліпеня на гадзіну ў Слоніме. Лідары незарэгістраванага СПБ накіроўваліся з Горадні ў Мінск на сустрэчу з еўракамісарам Штэфанам Фюле.