Поўны тэкст пастановы пра доступ да абаненцкіх баз аператараў сувязі

05.03.2010 15:28
Архив Редакция

Поўны тэкст пастановы ”Пра парадак узаемадзеяння аператараў электрасувязі з органамі, якія здзяйсняюць аператыўна-вышуковую дзейнасць”. Пастанову зацвердзіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім загадам № 129 ад трэцяга сакавіка 2010 года.

1. ДадзенайПастановай вызначаецца парадак узаемадзеяння аператараў электрасувязі (за выключэннем тых, якія аказваюць паслугі па распаўсюдзе праграм тэлевізійнага вяшчання і радыёвяшчання) (далей — аператары) з органамі, якія здзяйсняюць аператыўна-вышуковую дзейнасць (далей — упаўнаважаныя органы), пры:

аказанні садзейнічання ў правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і стварэнні ўмоў для іх правядзення на сетках электрасувязі; забеспячэнні доступу да баз дадзеных, аўтаматызаваных сістэм аператараў, наданні інфармацыі пра карыстальнікаў паслуг электрасувязі (далей — абаненты) і пра аказаныя ім паслугі электрасувязі, а таксама да іншай інфармацыі, неабходнай для выканання задач, ускладзеных на ўпаўнаважаныя органы.

2. Для мэт дадзенай Пастановы пад аддаленымі пунктамі кіравання сістэмамі тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (далей — САВМ) разумеюцца аб’екты з апаратнымі і праграмнымі сродкамі для кіравання САВМ, якія выкарыстоўваюцца органамі дзяржаўнай бяспекі і Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей — Аператыўна-аналітычны цэнтр).

3. Непасрэднае ўзаемадзеянне з аператарамі па пытаннях стварэння, укаранення і эксплуатацыі САВМ на сетках электрасувязі ажыццяўляюць падраздзяленні, прызначаныя органамі дзяржаўнай бяспекі і Аператыўна-аналітычным цэнтрам (далей — упаўнаважаныя падраздзяленні).

4. Упаўнаважаныя падраздзяленні распрацоўваюць і рэалізуюць меры па стварэнні і ўкараненню САВМ на сетках электрасувязі, іх выкарыстанню ў інтарэсах упаўнаважаных органаў у парадку, вызначаным дамовамі паміж гэтымі органамі.

5. Пры стварэнні сеткі электрасувязі аператар абавязаны выкарыстоўваць сродкі электрасувязі, якія дазваляюць забяспечыць укараненне і эксплуатацыю САВМ, што прадугледжваюць незалежнае падключэнне аддаленых пунктаў кіравання САВМ органаў дзяржаўнай бяспекі і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

6. Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія змяшчаюць патрабаванні да САВМ, распрацоўваюцца і зацвярджаюцца Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі (далей — Мінсувязі) па ўзгадненні з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі (далей — КДБ) і Аператыўна-аналітычным цэнтрам.

7. Аператар, які атрымаў адмысловы дазвол (ліцэнзію) на аказанне паслуг электрасувязі, у месячны тэрмін пісьмова паведамляе пра гэта ў КДБ і Аператыўна-аналітычны цэнтр для прыняцця імі рашэння пра неабходнасць укаранення САВМ на ствараемай сетцы электрасувязі з улікам інтарэсаў упаўнаважаных органаў.

КДБ і Аператыўна-аналітычны цэнтр не пазней за адзін месяц з дня рэгістрацыі звароту аператара апавяшчаюць яго пра прынятае рашэнне, а ў выпадку неабходнасці ўкаранення САВМ — пра свае ўпаўнаважаныя падраздзяленні.

8. У трохмесяцовы тэрмін з дня атрымання апавяшчэння КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пра неабходнасць укаранення САВМ на ствараемай сетцы электрасувязі аператар сумесна з упаўнаважанымі падраздзяленнямі распрацоўвае план мерапрыемстваў па ўкараненні і эксплуатацыі САВМ і каналаў сувязі паміж аб’ектамі электрасувязі і аддаленымі пунктамі кіравання САВМ (далей — план). План узгадняецца з Мінсувязі, КДБ, Аператыўна-аналітычным цэнтрам і зацвярджаецца кіраўніком аператара.

9. Пры прыняцці КДБ ці Аператыўна-аналітычным цэнтрам рашэння пра неабходнасць укаранення САВМ на дзейснай сетцы электрасувязі яны апавяшчаюць пра гэта рашэнне Мінсувязі і аператара.

Мінсувязі сумесна з КДБ, Аператыўна-аналітычным цэнтрам і аператарам у трохмесяцовы тэрмін з дня атрымання апавяшчэння праводзіцца праверка тэхнічнай магчымасці ўкаранення САВМ з улікам інтарэсаў упаўнаважаных органаў і выносіцца адпаведная выснова. Пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці ўкаранення САВМ у выснове вызначаюцца тэрміны ўсталёўкі і ўводу іх у эксплуатацыю.

У трохмесяцовы тэрмін з дня атрымання высновы пра тэхнічную магчымасць укаранення САВМ аператар сумесна з упаўнаважанымі падраздзяленнямі распрацоўвае план, які ўзгадняецца з Мінсувязі, КДБ, Аператыўна-аналітычным цэнтрам і зацвярджаецца кіраўніком аператара.

10. Аператар за кошт уласных сродкаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, ажыццяўляе: набыццё, усталёўку, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт САВМ, за выключэннем аддаленых пунктаў кіравання САВМ; абарону звестак пра тактыку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, абмежаванне кола асобаў, якія задзейнічаны да ўсталёўкі, тэхнічнага абслугоўвання і рамонта САВМ (па ўзгадненні з упаўнаважанымі падраздзяленнямі); працы па рэалізацыі тэхнічных патрабаванняў да САВМ на сеткі электрасувязі; набыццё і эксплуатацыю каналаўтваральнага абсталявання, размешчанага на аб’ектах электрасувязі, для арганізацыі каналаў сувязі з аддаленымі пунктамі кіравання САВМ у парадку, узгодненым з КДБ і Аператыўна-аналітычным цэнтрам.

11. КДБ і Аператыўна-аналітычны цэнтр за кошт сродкаў, якія выдаткоўваюцца з рэспубліканскага бюджэту на іх утрыманне, і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, набываюць не ўваходныя ў склад сродкаў электрасувязі аддаленыя пункты кіравання САВМ, каналаўтваральнае абсталяванне для арганізацыі каналаў сувязі паміж аб’ектамі электрасувязі і аддаленымі пунктамі кіравання САВМ, за выключэннем каналаўтваральнага абсталявання, размешчанага на аб’ектах электрасувязі, а ўпаўнаважаныя падраздзяленні ажыццяўляюць:

працы па арганізацыі каналаў сувязі паміж аб’ектамі электрасувязі і аддаленымі пунктамі кіравання САВМ (з удзелам аператара і ва ўзгодненым з ім парадку); эксплуатацыю САВМ і аддаленых пунктаў кіравання САВМ.

Іншыя ўпаўнаважаныя органы за кошт сродкаў, якія выдаткоўваюцца з рэспубліканскага бюджэту на іх утрыманне, і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, набываюць абсталяванне, неабходнае для правядзення імі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў праз аддаленыя пункты кіравання САВМ КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

12. Увод САВМ у эксплуатацыю ажыццяўляецца аператарам сумесна з упаўнаважанымі падраздзяленнямі, афармляецца актам, які падпісваецца прадстаўнікамі аператара, КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Асобнікі акту захоўваюцца ў аператара і ва ўпаўнаважаных падраздзяленнях. Копія акту накіроўваецца ў Мінсувязі.

13. Пры ўводзе ў эксплуатацыю новых сродкаў электрасувязі, укаранення новых тэхналагічных рашэнняў ці мадэрнізацыі сродкаў электрасувязі аператар абавязаны прымаць меры па забеспячэнні функцыянавання САВМ у адпаведнасці з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія змяшчаюць патрабаванні да САВМ, і планам.

14. У выпадку адсутнасці на сеткі электрасувязі САВМ аператар на падставе пісьмовага звароту органа дзяржаўнай бяспекі, органа ўнутраных спраў ці Аператыўна-аналітычнага цэнтра стварае яму ўмовы для змяшчэння і падключэння на аб’ектах электрасувязі іншага абсталявання і праграмных сродкаў для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

15. Аператар абавязаны падаваць па патрабаванні: упаўнаважаных органаў – бязвыплатны кругласутачны аддалены доступ да баз дадзеных пра абанентаў з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў гэтых органаў; упаўнаважаных падраздзяленняў – бязвыплатны кругласутачны аддалены доступ да баз дадзеных пра абанентаў з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў упаўнаважаных органаў, да баз дадзеных пра аказаныя абанентам паслугі электрасувязі, аўтаматызаваных сістэм аператараў, а таксама перадаваць упаўнаважаным падраздзяленням у рэжыме рэальнага часу інфармацыю, у тым ліку тэхнічную, аб усіх аказаных абанентам паслугах электрасувязі.

Доступ да баз дадзеных пра аказаныя абанентам паслугі электрасувязі, аўтаматызаваных сістэм аператараў ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі органамі толькі праз тэхнічныя сродкі аднаго з упаўнаважаных падраздзяленняў. Звароты да баз дадзеных пра аказаныя абанентам паслугі электрасувязі, аўтаматызаваныя сістэмы аператараў рэгіструюцца тэхнічнымі сродкамі ўпаўнаважаных падраздзяленняў. Інфармацыя пра такія звароты захоўваецца ўпаўнаважанымі падраздзяленнямі на працягу пяці гадоў.

Інфармацыя пра аказаныя абанентам паслугі электрасувязі захоўваецца аператарам у адпаведных базах дадзеных не менш за пяць гадоў.

16. Пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці арганізацыі кругласутачнага аддаленага доступу да баз дадзеных пра абанентаў па пісьмовым звароце Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністра ўнутраных спраў ці начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра аператар абавязаны бязвыплатна перадаць дакладную і поўную версію пазначаных баз дадзеных у КДБ, Міністэрства ўнутраных спраў (далей – МУС) ці Аператыўна-аналітычны цэнтр на матэрыяльных носьбітах інфармацыі ў электронным выглядзе.

Перадача баз дадзеных пра абанентаў ажыццяўляецца па акце з указаннем складу перададзенай інфармацыі і носьбітаў, на якіх яна запісана. Акт падпісваецца прадстаўнікамі аператара, які перадае гэтыя базы, і прадстаўнікамі падраздзялення КДБ, МУС ці Аператыўна-аналітычнага цэнтра, што атрымлівае іх. Адзін асобнік акту перадаецца разам з дадзенымі базамі, другі застаецца ў аператара.

17. Базы дадзеных пра абанентаў павінны змяшчаць наступную інфармацыю:

пра фізічныя асобы – абаненцкі нумар, прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас абанента ці адрас усталёўкі канцавой абаненцкай прылады (тэрмінала), абаненцкія нумары, дадзеныя, якія дазваляюць вызначыць (ідэнтыфікаваць) абанента ці яго канцавую прыладу (тэрмінал), а для абанентаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі – таксама рэквізіты дакумента, што пацвярджаюць асобу (яго назва, серыя, нумар, дата выдачы і найменне дзяржаўнага органа, які выдаў дакумент);

пра юрыдычныя асобы – найменне (фірмовае найменне) юрыдычнай асобы, яе юрыдычны адрас, адрас усталёўкі канцавой абаненцкай прылады (тэрмінала), абаненцкія нумары, дадзеныя, што дазваляюць вызначыць (ідэнтыфікаваць) абанента ці яго канцавую прыладу (тэрмінал);

агульныя звесткі пра паслугі электрасувязі, актываваных абанентаў.

18. Забеспячэнне ўпаўнаважанымі падраздзяленнямі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў на сетках электрасувязі, а таксама атрыманне і выкарыстанне ўпаўнаважанымі органамі інфармацыі, якая змяшчаецца ў базах дадзеных пра абанентаў і аказаных ім паслугах электрасувязі і аўтаматызаваных сістэмах аператараў, ажыццяўляюцца пры наяўнасці падстаў і ўмоў для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, усталяваных Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года «Пра аператыўна-вышуковую дзейнасць» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 57, 2/64).

Адказнасць за выкананне законнасці пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў на сетках электрасувязі, выкарыстанні інфармацыі пра абанентаў і аказаных ім паслугах электрасувязі, а таксама іншай інфармацыі, неабходнай для выканання задач аператыўна-вышуковай дзейнасці, нясуць кіраўнікі ўпаўнаважаных органаў і ўпаўнаважаных падраздзяленняў.
 

Как вам новость?