Поўны тэкст заявы Бакіева аб непрызнанні сваёй адстаўкі

21.04.2010 13:17
Архив Редакция

Прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, дэнансаваў сваю заяву пра адстаўку падчас прэс-канферэнцыі ў будынку выканкама СНД у Мінску. "Толькі смерць спыніць мяне. Я, Курманбек Бакіеў, законна абраны прэзідэнт Кыргызстана, прызнаны сусветнай грамадскасцю", — падкрэсліў кіргізскі лідар.

Поўны тэкст заявы Курманбека Бакіева для прэсы прыводзіць БелаПАН:

«Дарагія сябры, паважанае спадарства. Мой народ перажывае страшную трагедыю. Банда самазванцаў абвясціла сябе ўладай і чыніць анархію, забівае мірных людзей, руйнуе жытло. Рабункі і гвалт сталі нормай жыцця. Краіна адкінута на дзясяткі гадоў назад. Я, як прэзідэнт і як гарант Канстытуцыі Кыргызстана, не здымаю з сябе адказнасць за катастрофу, якую перажывае мой народ, і гатовы адказаць за гэта па законе. Але гэта не значыць, што я магу падпарадкавацца бандытам і кінуць свой народ у бядзе. У сувязі з гэтым я заяўляю наступнае.

Першае. Я яшчэ раз выражаю глыбокія спачуванні ўсім сваякам і блізкім загінулых.

Другое. Я не прызнаю сваю адстаўку. Чаму — растлумачу пазней. Дзевяць месяцаў таму назад народ Кыргызстана абраў мяне прэзідэнтам, і я даў прысягу служыць яму. Няма сілы, якая прымусіць мяне адмовіцца ад маёй клятвы. Толькі смерць спыніць мяне. Я, Курманбек Бакіеў, законна абраны прэзідэнт Кыргызстана, прызнаны сусветнай грамадскасцю.

Трэцяе. Усе павінны ведаць, што бандыты, якія спрабуюць захапіць уладу, — выканаўцы чужой волі і не маюць ніякай легітымнасці. Кыргызстан не будзе нічыёй калоніяй. Мой народ хоча быць свабодным і стане свабодным, працягне будаўніцтва сучаснай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы.

Чацвёртае. 7 красавіка 2010 года на аснове Канстытуцыі Кыргызстана прэзідэнцкім указам я ўвёў надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў краіны. Я хачу, каб кожны грамадзянін Кыргызстана разумеў, што, выконваючы загады банды, ён ставіць сябе па-за законам і становіцца саўдзельнікам злачынстваў з усімі наступствамі, што з гэтага вынікаюць. Пакаранне за злачынствы немінучае.

Пятае. Я заклікаю лідараў сусветнай грамадскасці: не стварайце прэцэдэнт, не прызнавайце банду легітымнай уладай. Я настойваю на правядзенні незалежнага міжнароднага расследавання і пакаранні вінаватых у гібелі людзей, марадзёрстве і распальванні міжнацыянальнай варожасці.

Шостае. Я звяртаюся да палітычных лідараў СНД. Нашай свабодзе і незалежнасці менш за два дзясяткі гадоў. Не адступайце перад грубай сілай. Вы ў адказе за свой народ.

Сёмае. Грамадзяне Кіргізіі, не верце, што мы адзінокія. У нас ёсць надзейныя сябры, і іх нямала. Мы можам абаперціся на іх у цяжкую хвіліну і выратаваць краіну ад вялікай бяды.

Восьмае. Я зраблю ўсё, каб вярнуць жыццё ў Кыргызстане ў канстытуцыйнае поле. І ні пры якіх акалічнасцях не дазволю бандытам вызначаць лёс нашага народа. Я перакананы: воля майго народа пераадолее смуту.

Дзякую за ўвагу».

Как вам новость?
Головоломки