Працэс вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі зацягнуўся

06.07.2010 10:28
Архив Редакция

Працэс вызначэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў істотна зацягнуўся і ўзнікае пагроза, што яго вылучэнне праз некаторы час будзе ўжо бессэнсоўным. Пра гэта заявіў старшыня грамадзянскай ініцыятывы "Рада беларускай інтэлігенцыі", дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас.

На паседжанні, якое прайшло ў Мінску пятага ліпеня і было арганізавана «Радай беларускай інтэлігенцыі», прадстаўнікі дэмакратычных сіл мусілі канчаткова ўхваліць працэдуру вылучэння адзінага кандыдата. Аднак паседжанне не прынесла чаканых вынікаў праз адсутнасць кворуму. «Прыйшла толькі палова удзельнікаў палітычнага працэсу», — патлумачыў лідар грамадзянскай ініцыятывы, перадае БелаПАН.

«Паколькі па аб’ектыўных прычынах у сталіцы адсутнічалі Яраслаў Раманчук, Аляксандр Казулін, Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі, вырашана правесці чарговае паседжанне восьмага ліпеня», — расказаў Уладзімір Колас.

Пры гэтым старшыня «Рады беларускай інтэлігенцыі» выказаў перасцярогі ў сувязі з зацягваннем працэдуры вызначэння адзінага кандыдата. На яго думку, для паспяховай выбарчай кампаніі неабходна дастаткова часу, як для збору грашовых сродкаў так і для падрыхтоўкі ініцыятыўнай групы кандыдата.

«Рада беларускай інтэлігенцыі» можа выйсці з працэсу вылучэння адзінага кандыдата ад дэмсіл, калі ён і надалей будзе зацягвацца і ператворыцца ў імітацыю, папярэдзіў Уладзімір Колас.

Как вам новость?
Головоломки