Прадпрымальнікі ў ГД "Ждановічы" дамагліся зніжэння арэнднай платы

29.07.2010 16:51
Архив Редакция

Прадпрымальнікам гандлёвага цэнтра "Свет моды" ў Гандлёвым доме "Ждановічы" удалося дамагчыся зніжэння ставак арэнднай платы на 15-26%. У сярэднім арэндная плата знізілася на 300-530 тыс. рублёў на месяц, паведаміў старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

3 траўня 2010 года грамадскае аб’яднанне «Перспектыва» звярнулася ў Камітэт дзяржаўнага кантролю з просьбай праверыць правамернасць усталявання арэнднай платы ў ГЦ «Свет моды» ГД «Ждановічы».

У афіцыйным лісце кіраўніцтва «Перспектывы» звяртала ўвагу КДК на тое, што арэндадаўца не пажадаў прымяняць да арэнднай платы дазволеныя ўказам прэзідэнта № 518 паніжальныя каэфіцыенты. Наадварот, замест гэтага без якіх-небудзь тлумачэнняў арэндадаўца павысіў стаўкі арэнднай платы, паведамляе БелаПАН.

РГА «Перспектыва» засталася задаволеная тым, што іхні зварот прынес вынік. «Насамрэч такія рэчы адбываюцца рэдка. Гэта хутчэй выключэнне з правілаў. Разам з тым гэта паказальны прыклад, які пацвярджае, што пры наяўнасці праблемаў прадпрымальнікі не павінны маўчаць, а павінны змагацца за свае правы», — сказаў Анатоль Шумчанка.