Прадпрымальнікі выступілі супраць закону аб падтрымцы бізнэсу

20.07.2010 10:36
Архив Редакция

19 ліпеня ў Мінску на канферэнцыі "Прадпрымальнік і дзяржава. Рэаліі і перспектывы" беларуская бізнэс-супольнасць аднадушна выступіла супраць падпісання прэзідэнтам закону "Аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу", ухваленага абедзвюма палатамі беларускага парламенту.

Беларускія прадпрымальнікі плануюць у найбліжэйшы час арганізаваць збор подпісаў у маштабах усёй краіны для фармавання дэлегацыі ад прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх рухаў Беларусі на чарговы Усебеларускі народны сход. Пра гэта пасля вынясення рэзалюцыі расказаў старшыня арганізацыйнага камітэту па стварэнні ГА «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.

У рэзалюцыі прадпрымальнікі заклікаюць урад выпрацаваць «паслядоўную і адэкватную праграму выхаду з крызісу з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых бакоў і з належным інфармаваннем грамадзянаў». Прадстаўнікі дзелавога асяроддзя настойваюць на дыялогу незалежнай экспертнай супольнасці, грамадскіх арганізацыяў з органамі дзяржаўнай улады для выпрацоўкі такой праграмы дзеянняў.

Акрамя таго, Віктар Гарбачоў паведаміў, што ў адпаведнасці з рэзалюцыяй восенню гэтага года намечана правядзенне міжнароднай прадпрымальніцкай канферэнцыі, на якую плануюць запрасіць прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці і дэпутатаў іншых краінаў, паведамляе БелаПАН.

«У рамках канферэнцыі запланаваны абмен досведам па рашэнні праблемаў малога і сярэдняга бізнэсу, дэманстрацыя існай сітуацыі ў Беларусі і пошук шляхоў яе паляпшэння. І акурат да канферэнцыі, думаю, мы зможам сабраць ад 20 да 50 тыс. подпісаў у падтрымку непрыняцця закону «Аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу», — падкрэсліў лідар руху «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва».

Прадпрымальнікі таксама плануюць накіраваць прэзідэнту зварот з просьбай прымяніць эканамічную амністыю ў дачыненні да прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў турмах, дадаў Віктар Гарбачоў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у траўні гэтага года законапраект «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» быў ухвалены беларускім парламентам. У законапраекце вызначаны асноўныя мэты і прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, рэгламентаваны віды і агульныя ўмовы такой падтрымкі.

Как вам новость?