Прадпрымальнікі змогуць самастойна ўсталёўваць заробак працаўнікам

01.06.2010 16:34
Архив Редакция

З першага чэрвеня ўступае ў сілу інструкцыя аб парадку вызначэння тарыфных ставак і службовых акладаў работнікаў камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якая дазволіць прадпрымальнікам самастойна ўстанаўліваць заробак работнікам. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела рэгламентацыі і нармавання працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Віктар Сідаровіч.

«Інструкцыя дае больш самастойнасці, правоў і магчымасцяў наймальнікам пры вырашэнні пытанняў дыферэнцыяцыі і рэгулявання тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў», — падкрэсліў прадстаўнік Мінпрацы, перадае БелТА.

Віктар Сідаровіч нагадаў, што дакумент быў зацверджаны пастановай міністэрства № 60 ад 26 красавіка 2010 года. Па словах чыноўніка, інструкцыя распрацавана ў рамках працы па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, якая праводзіцца ў Беларусі і накіравана на мінімізацыю дзяржаўнага рэгулявання зарплаты ў камерцыйных арганізацыях з замежнымі інвестыцыямі, камерцыйных арганізацыях з доляй уласнасці дзяржавы менш за 50% у іх статутных фондах і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Віктар Сідаровіч таксама растлумачыў некаторыя асноўныя аспекты прымянення інструкцыі. Па словах прадстаўніка міністэрства, у дакуменце ўдасканалены механізм дыферэнцыяцыі і вызначэння тарыфных ставак і службовых акладаў работнікаў камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў на аснове Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Рэспублікі Беларусь (АTC).

Па словах прадстаўніка Мінпрацы, інструкцыя ўстанаўлівае рэкамендацыйны прынцып прымянення нормаў інструкцыі для прадпрымальнікаў і камерцыйных арганiзацый у частцы вызначэння тарыфных ставак і службовых акладаў іх наёмных працаўнікоў, нормаў кіравальнасці пры стварэнні структурных падраздзяленняў.

Наймальнікам даецца права самастойна ў адпаведнасці з лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі ўсталёўваць тарыфікацыю асобных пасадаў кіраўнікоў і спецыялістаў структурных падраздзяленняў, у тым ліку вытворчых, расказаў Віктар Сідаровіч.

Сідаровіч: прымяненне нормаў інструкцыі дазволіць прадпрымальнікам ацаніць уклад кожнага работніка пры разліку заробку

Акрамя таго, па словах прадстаўніка Мінпрацы, інструкцыя здымае абмежаванні ў вызначэнні тарыфных разрадаў кіраўнікам структурных падраздзяленняў у выпадках, калі іх тарыфныя разрады акажуцца роўнымі або вышэйшымі за тарыфны разрад кіраўніка арганізацыі.

Віктар Сідаровіч адзначыў, што дакументам павялічаны дыяпазон тарыфікацыі пасадаў вядучых (галоўных) спецыялістаў і кіраўнікоў усіх узроўняў кіравання з трох да чатырох, а пасады памочніка кіраўніка арганізацыі — з двух да чатырох тарыфных разрадаў.

«Уступленне ў сілу дадзенай інструкцыі не прадугледжвае і не абавязвае кіраўнікоў камерцыйных арганізацый, незалежна ад формаў уласнасці (долі уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці), і індывідуальных прадпрымальнікаў ўносіць якія-небудзь змены ў лакальныя нарматыўныя прававыя акты, якімі ў цяперашні час ўстаноўлены і вызначаны формы, сістэмы, памеры і ўмовы аплаты працы работнікаў «, — растлумачыў Віктар Сідаровіч.

Супрацоўнік Мінпрацы таксама дадаў, што нормы інструкцыі «не зрабілі больш жорсткімі і не адмянілі існыя ўмовы тарыфікацыі і вызначэння памераў угодавых расцэнак, тарыфных ставак і службовых акладаў. Наадварот, іх спрасцілі, далі наймальнікам больш правоў і магчымасцяў у пытаннях іх дыферэнцыяцыі і рэгулявання на аснове АTC» .

Віктар Сідаровіч адзначыў, што прымяненне нормаў інструкцыі дазволіць кіраўнікам камерцыйных арганізацый незалежна ад іх формаў уласнасці і долі уласнасці дзяржавы ў іх статутных фондах самастойна, у залежнасці ад спецыфікі дзейнасці кожнай канкрэтнай арганізацыі, больш поўна ацаніць уклад кожнага работніка у канчатковыя вынікі яе дзейнасці, і пры неабходнасці спрасціць парадак разліку тарыфнай часткі заробку.

Как вам новость?
Головоломки