Прадстаўнік Ватыкана: у Беларусі заклапочаныя рэгуляваннем СМІ

13.05.2011 15:29
Архив Редакция

У Беларусі ёсць пэўная заклапочанасць рэгуляваннем СМІ. Пра гэта 13 красавіка падчас прэс-канферэнцыі ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску заявіў старшыня Папскай рады па масавых камунікацыях арцыбіскуп Клаўдыё Марыя чэлі. "За гэты час, які я правёў з вамі, два журналісты спыталі ў мяне пра рэгуляванне. А гэта значыць, што ў вашых сэрцах жыве пэўная занепакоенасць", — заявіў ён.

«Я лічу, што шлях да праўды нялёгкі. Гэта шлях, на якім бываюць і выпрабаванні. Я хачу падкрэсліць, што Царква павінна спрыяць дыялогу з іншымі людзьмі. Але не заўсёды гэты дыялог адбываецца ў духу ўзаемапавагі, і яго нялёгка зрабіць. Я жадаю, каб у вашай краіне дыялог ішоў у духу ўзаемапавагі паміж рознымі часткамі ў пошуках дабра для ўсёй краіны», — сказаў арцыбіскуп.

У той жа час ён не захацеў камэнтаваць сітуацыю канкрэтна ў Беларусі, прадставіўшы дадзенае права кіраўнікам беларускіх каталікоў і праваслаўных — мітрапалітам Тадэвушу Кандрусевічу і Філарэту (Вахрамееву). «Святы прастол, аб’яўляючы пэўныя прынцыпы і асвятляючы некаторыя пытанні, не бярэ пад увагу нейкую асобную краіну. Ён глядзіць больш шырока, разглядаючы на міжнародным узроўні праблемы, якія ўзнікаюць у розных краінах», — адзначыў іерарх.

Чэлі: Царква не павінна быць апазіцыйнай партыяй

Царква павінна актыўна абараняць правы і свабоды грамадзян, але яна не павінна ўмешвацца ў палітыку. «Ёсць моманты, пра якія Царква павінна гаварыць ясна і моцна. Але толькі не ў палітычнай гульні. Мы не можам стаць апазіцыйнай палітычнай партыяй», — заявіў 13 красавіка ў ходзе прэс-канферэнцыі ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску старшыня Папскай рады па масавых камунікацыях арцыбіскуп Клаўдыё Марыя чэлі.

«Мы пакліканы абараняць чалавека, яго годнасць, яго свабоды. Без праўды немагчымы сапраўдны і годны шлях для чалавека. Гэта выклік, які мы павінны прымаць кожны дзень. У некаторых краінах гэты выклік нават пагражае жыццю або працы. Заданне Касцёла — быць разам з тым, хто абараняе чалавечую годнасць ў галіне інфармацыі», — сказаў каталіцкі іерарх.

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, архіепіскап адзначыў няпросты характар журналісцкай дзейнасці. Ён заклікаў Царкву быць разам з тымі, хто займаецца гэтай працай. Клаўдыё Марыя Чэлі заявіў, што Каталіцкая царква ў галіне СМІ і палітыкі выступае ў падтрымку праўды і справядлівасці. У якасці прыкладу, ён прывёў лёс святога апекуна палітыкаў — канцлера ангельскага караля Генрыха VIII Томаса Мора, які за свае перакананні пазбавіўся галавы. «Магчыма, сёння не пазбаўляюць галавы, але сумленне падвяргаецца вялікім выпрабаванням», — падкрэсліў прадстаўнік Ватыкана.

Чэлі заклікаў да рэгулявання інтэрнэту

«Мы выступаем за пэўнае рэгуляванне інтэрнэту. Перш за ўсё, гэта тычыцца абароны непаўнагадовых. Грамадзянская супольнасць павінна быць вельмі сур’ёзна зацікаўлена ў абароне непаўнагадовых падчас іх карыстання інтэрнэтам. Грамадства павінна быць заклапочанае абаронай дзяцей, якія, знаходзячыся на даволі далікатным этапе развіцця, могуць знайсці у інтэрнэце ўсё, што захочуць», — адзначыў арцыбіскуп.

Ён параўнаў інтэрнэт з аўтамабільнай трасай, знаходзячыся на якой, варта выконваць пэўныя правілы, каб не ўзнікла ніякіх праблем. «У грамадстве заўсёды будзе існаваць нейкае нацяжэнне паміж свабодай у яе абсалютным значэнні і правіламі паводзінаў», — сказаў іерарх.

Паводле яго слоў, для абароны чалавечай асобы праз сацыяльную камунікацыю неабходна інфармацыйная этыка, якая павінна грунтавацца на чатырох слупах: праўдзе, справядлівасці, свабодзе і любові. Таму СМІ павінны працаваць на карысць праўды і дабра, інакш у грамадстве паўстане разлад і недавер, лічыць Клаўдыё Марыя чэлі.

Как вам новость?
Головоломки