Прафесійнага скаргапісца з Рагачову арыштавалі за 400 скаргаў

02.03.2011 16:00
Архив Редакция

Супрацоўнікі Рагачоўскага РАУС Гомельскай вобласці 28 лютага распачалі крымінальную справу ў дачыненні да 56-гадовага жыхара вёскі Гусараўка па факце вымагальніцтва (арт. 208 КК Беларусі). Па дадзеных следства, мужчына патрабаваў грошы з кіраўнікоў розных арганізацый райцэнтра ў абмен на абяцанне не пісаць больш на іх скаргі. Толькі за 2010 год мужчына напісаў каля 400 скаргаў у розныя інстанцыі.

«Напрыклад, у міліцыю мужчына скардзіўся, што ў горадзе машыны ездзяць без нумароў і паркуюцца ў неналежных месцах. У кнізе скаргаў паштовага аддзялення ён пакінуў запіс аб тым, што інфармацыйныя стэнды ўстаноўлены не ў тых месцах. Прыйшоўшы ў гандлёвы павільён, мужчына запатрабаваў вакуумны пакет кавы за 3,5 тыс. рублёў. Такога ў асартыменце не аказалася, таму ў Кнізе скаргаў з’явілася новы запіс. Мужчына прыходзіў у выхадны дзень у арганізацыю і патрабаваў прыёму ў начальніка. настойваў на тым, каб з ліку ганаровых грамадзянаў горада выкраслілі некаторыя прозвішчы», — распавёў першы намеснік начальніка Рагачоўскага РАУС Арцём Ястрэмскі.

На прыёме ў міністра сувязі і інфарматызацыі мужчына пагражаў, што возьме бензапілу і прарэжа ў паштовых скрынях адтуліны ніжэй — мужчына невысокага росту і спрабаваў такім спосабам вырашыць сваю праблему, перадае «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Прафесійнага скаргапісца злавілі з доказамі злачынства. Дырэктар адной з арганізацый, ад якога мужчына патрабаваў 200 тыс. рублёў, звярнуўся ў міліцыю. Больш за тое, падазраваны ўласнаручна склаў распіску аб тым, што абяцае больш не скардзіцца на начальніка, таго, хто даў яму грошы. У момант перадачы грошай скаргапісца і затрымалі. У дадзены момант мужчына знаходзіцца пад арыштам, плануецца правесці медыцынскую праверку ў псіхіятра. Калі яго прызнаюць здаровым, прафесійнаму скаржніку пагражае да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Між тым, мужчына не прызнае сваю віну і цалкам адмаўляецца ад паказанняў.

У ходзе расследавання дадзенай крымінальнай справы супрацоўнікі Рагачоўскага РАУС выявілі новыя факты злачыннай дзейнасці падазраванага. Так, на прылаўку адной з крам Рагачову мужчына заўважыў пратэрмінаваны тавар. Пераследуючы карыслівую мэту, грамадзянін выставіў прадаўцу незаконныя патрабаванні аб перадачы яму прадуктаў харчавання. Прадавец, асцерагаючыся праверак, перадала злачынцу розныя тавары на суму больш за 20 тыс. рублёў.

У РАУС паведамілі, што ў падазраванага няма сям’і. У цяперашні час ён з’яўляецца беспрацоўным, сем гадоў таму звольніўся з райвыканкама, дзе амаль дваццаць гадоў прапрацаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. Ужо тады за мужчынам назіралася дзіўная звычка сачыць за былымі калегамі і новымі чыноўнікамі і пісаць на іх скаргі.

Как вам новость?
Головоломки