Прафсаюзам забаранілі праводзіць многа праверак

07.05.2010 10:12
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка шостага траўня падпісаў указ № 240 "Аб ажыццяўленні грамадскага кантролю прафесійнымі саюзамі". Дакумент накіраваны на далейшае парадкаванне і скарачэнне колькасці праверак, якія могуць ажыццяўляць прафсаюзы, праінфармавалі ў прэзідэнцкай прэс-службе.

«Указам выразна вызначаны віды грамадскага кантролю, якія могуць ажыццяўляцца прафсаюзамі ў форме праверак: кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, аб ахове працы, аб прафсаюзах, а таксама за выкананнем калектыўнай дамовы (пагаднення)», — паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.
Дакумент прадугледжвае, што першасныя прафсаюзныя арганізацыі маюць права ажыццяўляць грамадскі кантроль толькі ў іншых, акрамя праверак, формах (мерапрыемствы па назіранні, ацэнцы выканання працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзянаў, удзел у працы калегіяльных органаў, камісій) і толькі ў дачыненні да  суб’ектаў, дзе яны створаны. 
«Уведзена забарона на правядзенне прафсаюзамі планавых праверак у першыя два гады пасля стварэння (рэгістрацыі) правяранага суб’екта і ўстаноўлены падставы для правядзення пазапланавых праверак у гэты перыяд (у прыватнасці, расследаванне прычынаў няшчасных выпадкаў на вытворчасці, выпадкаў узнікнення прафесійных захворванняў; заява правяранага суб’екта)», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.
Паводле дакумента, прафсаюзы атрымалі права праводзіць планавыя праверкі не часцей, чым адзін раз на два гады. Пры гэтым планаванне праверак будзе ажыццяўляцца прафсаюзамі з улікам кардынацыйных планаў кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. 
«Дадаткова ўстаноўлена забарона на правядзенне прафсаюзамі некалькіх планавых праверак правяранага суб’екта на працягу аднаго каляндарнага года, а таксама на правядзенне праверкі па адным і тым жа пытанні за адзін і той жа перыяд», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Указам Аляксандра Лукашэнкі таксама абмежаваны тэрміны правядзення праверкі (тры працоўныя дні, кантрольнай праверкі — адзін працоўны дзень), а таксама перыяд правядзення праверак — не больш чым за тры гады, папярэдніх пачатку праверкі. 
Уведзена адказнасць прадстаўнікоў прафсаюзаў за парушэнне ўсаноўленага парадку прызначэння і правядзенні праверак, а таксама вызначаны парадак абскарджання іх дзеянняў (бяздзейнасці), адзначылі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указ уступае ў сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Как вам новость?