Пракаповіч: эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі — дзікунства

28.01.2011 17:01
Архив Редакция

Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч лічыць, што Еўрапейскі саюз не стане ўводзіць у дачыненні да Беларусі эканамічныя санкцыі. "Увядзенне эканамічных санкцый у XXI стагоддзі - гэта, па меншай меры, дзікунства", - заявіў кіраўнік Нацбанка 28 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 

На думку кіраўніка НББ, ва ўмовах глабальнай эканомікі і адкрыцця ўсіх рынкаў Еўропа не вырашыцца ўвесці эканамічныя санкцыі.

«Больш за тое, санкцыі — гэта двухбаковыя адносіны. Сёння ў нас з ЕС прыкладна 15 млрд. даляраў гандлёвы зварот. Мы сёння больш купляем, чым прадаем. Увядзенне санкцыяў азначае, што як мінімум 8 млрд. даляраў скароцяцца пастаўкі з Беларусі ў Еўропу. Гэта ў асноўным абсталяванне. Сёння няма праблемаў купіць абсталяванне. Калі Еўропа ўвядзе санкцыі, то абсталяванне, якое мы куплялі ў іх, захоўваючы тым самым дзясяткі тысяч працоўных месцаў, мы купім ў іншых краінах.

Тым не менш, паводле слоў Пятра Пракаповіча, працаваць з ЕС Беларусі выгадна, таму краіна і далей будзе развіць двухбаковыя гандлёвыя адносіны. 

Пракаповіч спадзяецца, што размовы пра санкцыі не рэалізуюцца на практыцы

Пётр Пракаповіч заявіў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў Беларусь пры нармальных умовах працы павялічыць таваразварот з Еўрасаюзам у 2,5-3 разы. «Гэта вялікія лічбы нават для Еўропы. Праз пяць гадоў мы будзем мець не менш за 30-40 млрд. даляраў звароту. Таму я не думаю, што Еўрасаюз пойдзе на такія меры», — адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што Беларусь імкнецца да таго, каб выйсці на больш празрыстыя і прадказальныя эканамічныя адносіны з Еўропай. Кіраўнік Нацбанка перакананы, што заявы аб увядзенні санкцый у дачыненні да Беларусі не дойдуць да практычнага прымянення.

«Гэта могуць быць рашэнні, якія носяць палітычны характар, але эканамічны характар не дазваляе сёння нікому прымаць такія рашэнні. Мы жывем у век глабалізацыі, у век адкрытасці ўсіх рынкаў — фінансавых, гандлёвых, рынка паслуг. Сёння немагчыма ўвесці санкцыі. Можна ўскладніць працу — часова закрыць адны рынкі, вымусіўшы шукаць іншыя. Але мы ўжо навучыліся гэта рабіць у папярэднія гады. Мы не раз сустракаліся з такім пытаннем, і ўсе пераканаліся, што санкцыі мы практычна заўсёды можам абыйсці, за кошт новых рынкаў і партнёраў», — падкрэсліў кіраўнік Нацбанка.

Пётр Пракаповіч таксама паведаміў, што замежныя банкі, якія традыцыйна працуюць з Беларуссю, не адрэагавалі негатыўна на заявы аб магчымым увядзенні санкцый супраць краіны. «Усе банкі змагаюцца за кліентаў. Сёння кожны з іх павінен думаць, як захаваць сваіх кліентаў, як зарабіць прыбытак», — заявіў Пётр Пракаповіч.