Пракаповіч: нават дэвальвацыі ў 5% у Беларусі ніколі не будзе

18.03.2011 09:11
Архив Редакция

Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч падчас даклада прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку 17 сакавіка заявіў, што пакуль ён будзе заставацца на сваёй пасадзе, разавай дэвальвацыі не будзе. Пры гэтым кіраўнік НББ пацвердзіў, што ў Беларусі цяпер назіраецца павышаны попыт на валюту.

«Пакуль я з’яўляюся старшынём праўлення Нацбанка, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі не будзе. У нас дастаткова вопыту, які мы назапасілі за 15 гадоў, і гэты вопыт сведчыць аб тым, што гэта дрэннае рашэнне для беларусаў. Раз дрэннае рашэнне, мы яго выконваць не будзем», — запэўніў Пётр Пракаповіч.

Кіраўнік Нацбанка адзначыў, што пад словамі «разавая дэвальвацыя» ён мае на ўвазе «нават не дэвальвацыю ў 20-30%, а дэвальвацыю вышэй за 5%», паведамляе СТВ.

«Нават дэвальвацыі ў 5% у нас ніколі не будзе. Таму рабіце высновы. Мы ўсе ў адной лодцы, хацелася б, каб і кіраўніцтва краіны, і наша насельніцтва, і ўсе сектары эканомікі працавалі над адным, над галоўным — забеспячэннем праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, забеспячэннем павышэння ўзроўню жыцця людзей», — адзначыў старшыня праўлення галоўнага банка краіны.

Пётр Пракаповіч таксама далажыў Аляксандру Лукашэнку, што ў рэспубліцы зроблена ўсё неабходнае для выканання асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бягучы год. У Беларусі, паводле яго слоў, забяспечана стабільнасць у фінансавай сферы, плацежнай банкаўскай сістэме, працэнтнай і курсавой палітыцы.

Как вам новость?
Головоломки