Пракаповіч расказаў пра стабільнасць на фінансавых рынках Беларусі

17.05.2010 09:39
Архив Редакция

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч 14 траўня расказаў кіраўніку дзяржавы пра тое, што ўсе асноўныя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыцы за чатыры месяцы гэтага года былі выкананы ў поўным аб'ёме. Па словах кіраўніка Нацбанка, таксама была дасягнута стабілізацыя на фінансавых рынках краіны.

«Асабліва важна, што сёлета захоўваецца стабільнасць курсу нацыянальнай валюты, — адзначыў Пётр Пракаповіч у справаздачы прэзідэнту краіны. — Фактычна на сённяшні дзень у параўнанні з пачаткам года гэты паказчык да кошыка з трох замежных валют застаецца нязменным, пры тым, што назіраюцца рэзкія ваганні ўнутры кошыка паміж еўра і далярам». 
Па словах старшыні НББ, за першыя тры месяцы гэтага года ў Беларусі палепшылася сітуацыя з экспартам тавараў і паслуг, які павялічыўся на 29% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. У краіну паступіла валютнай выручкі больш на 455 млн. даляраў, чым у першым квартале 2009 года, даклаў Пётр Пракаповіч прэзідэнту, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што вынікам гэтага стаў рост золатавалютных рэзерваў, якія па стане на першага траўня склалі ў нацыянальным вызначэнні 6,51 млрд. даляраў, што амаль на 550 млн. даляраў больш, чым было на пачатак гэтага года. «Такая тэндэнцыя ўмацоўвае ўпэўненасць, што стабільнасць нацыянальнай валюты будзе захоўвацца, паколькі яна заснавана на выніках працы эканомікі, якія паляпшаюцца», — сказаў у сваёй справаздачы Пётр Пракаповіч.
Пракаповіч: аплатная сістэма працуе без збояў і парушэнняў
Кіраўнік Нацыянальнага банка праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, што крэдытаванне эканомікі «ідзе ў поўным аб’ёме, прычым на эфектыўныя праекты». «На першага траўня запазычанасць па крэдытах рэальнага сектара эканомікі ўжо дасягнула 71 трлн. рублёў, і ў параўнанні з першым траўня 2009 года адзначаецца рост крэдытнай запазычанасці на 32%», — сказаў Пётр Пракаповіч.
«Важна, што ў наш час ёсць магчымасці і ў банкаўскай сістэмы для павелічэння крэдытавання. Упершыню за апошнія паўтара гады фактычна дасягнута дастатковая ліквіднасць банкаўскай сістэмы», — падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка, дадаўшы, што «спраўна працуе і аплатная сістэма — без збояў і парушэнняў». 
Па словах Пятра Пракаповіча, плацяжы штодня ажыццяўляюцца ў рэжыме рэальнага часу і іх праведзена на 13% больш, чым у 2009 годзе. «Гэта кажа пра ажыўленне эканамічнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, — сказаў кіраўнік ННБ. — Такім чынам, выконваюцца параметры па ўсіх асноўных кірунках дзейнасці Нацыянальнага банка, якія патрэбныя для забеспячэння працы рэальнага сектара эканомікі». 

Как вам новость?