Пракуратура: абвінавачаныя ў тэракце ў Мінску датычныя да 14 злачынстваў

31.05.2011 16:23
Архив Редакция

Генеральная пракуратура ўсталявала дачыненне абвінавачаных ў тэракце ў мінскім метро да 14 злачынстваў за перыяд з 2000 па 2011 год. Пра гэта паведаміў 31 траўня па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы аб ходзе расследавання абставінаў выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" намеснік генеральнага пракурора — начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэй Швед.

«Кіраўніку дзяржавы было дакладзена аб ходзе расследавання крымінальнай справы па фактах тэрарыстычных актаў у Мінску і Віцебску, — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры. — У прыватнасці, прэзідэнт праінфармаваны аб тым, што следчай групай выяўлены новыя факты здзяйснення абвінавачанымі злачынных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі».

Па словах Андрэя Шведа, абвінавачваныя пачалі сваю злачынную дзейнасць з 2000 года. «Гэта значыць, на працягу больш як дзесяць гадоў яны здзяйснялі злачынныя дзеянні ў адным з мікрараёнаў Віцебску, у асноўным з ужываннем самаробных выбуховых прыладаў. На сённяшні дзень устаноўлена 14 фактаў злачынстваў за перыяд з 2000 па 2011 год», — цытуе намесніка генеральнага пракурора БелТА.

«У цяперашні час следства збірае неабходныя доказы для завяршэння расследавання гэтых фактаў і для прад’яўлення абвінавачання ў здзяйсненні гэтых злачынстваў. Устанаўліваюцца прычыны і ўмовы, якія дазволілі абвінавачаным такі працяглы час здзяйсняць свае злачынныя дзеянні», — сказаў прадстаўнік пракуратуры.

«Таксама ўстаноўлена, што гэта адбылося пры папушчальніцтве службовых асоб праваахоўных органаў, бяздзейнасці мясцовых уладаў, службаў ЖКГ, аховы здароўя, адукацыі, пры поўнай абыякавасці суседзяў, блізкіх, аднакласнікаў, аднагрупнікаў, якія ведалі аб тым, што абвінавачаныя маюць схільнасць да вырабу самаробных выбуховых прыладаў, выбухаў і падпалаў», — адзначыў Андрэй Швед.

«Ніхто пра гэта належным чынам дзяржаўныя органы або не інфармаваў, або дзяржорганы не рабілі належных захадаў для таго, каб спыніць іх злачынную дзейнасць. Такім чынам за дзесяцігадовы перыяд абвінавачаныя з простых дваровых хуліганаў ператварыліся пры папушчальніцтве дзяржаўных органаў у тэрарыстаў», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры.

Па яго словах, вынік дзейнасці абвінавачаных — гэта 15 забітых грамадзян і больш за 500 пацярпелых, якім прычыненыя траўмы і калецтвы. «Нашай дзяржаве, грамадству, народу нанесена каласальная маральная і матэрыяльная шкода», — дадаў намеснік Генпракурора.

Як паведамляў Тэлеграф, у выніку выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка пацярпелі больш за 200 чалавек. Пры выбуху 11 чалавек загінулі, яшчэ чацвёра памерлі ад атрыманых траўмаў у гарадскіх клініках.

Как вам новость?
Головоломки