Пракуратура папярэдзіла рэдактара "Бабруйскага кур'ера"

20.04.2011 10:18
Архив Редакция

У панядзелак, 18 красавіка, галоўны рэдактар "Бабруйскага кур'ера" Анатоль Санаценка атрымаў заказны ліст з паведамленнем з пракуратуры Ленінскага раёна Бабруйску. Намеснік кіраўніка ведамства Анатоль Кабернік даслаў журналісту "афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сферы парадку кіравання".

Падставай для вынясення папярэджання стаў запіс у блогу Анатоля Санаценкі на сайце «Беларускі партызан». У ім журналіст напісаў, што ўлады вінаватыя ў выбуху, які здарыўся 11 красавіка ў мінскім метро.

«Гэта, вядома, прэцэдэнт, як той казаў, з хворай галавы — на здаровую. Каб прадухіліць магчымыя прэтэнзіі, у сваім запісе ў блогу я і даў спасылку на афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі, дзе размешена яго прамова, якая прагучала на экстранай нарадзе ў сувязі з выбухам на станцыі метро «Кастрычніцкая». Там, у тым ліку, гаворыцца наступнае: «Крыць няма чым. У гэтых падзеях вінаватыя толькі мы… Віна ляжыць на нас». Далей я змясціў свой кароткі каментар, права на які мне дае 33 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пятая артыкул «Свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне» закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», — цытуе Анатоля Санаценка «Бабруйскі кур’ер«.

Рэдактар выдання мае намер абскардзіць атрыманае ім папярэджанне. «У беларускім заканадаўстве няма такога паняцця: «спадабалася — не спадабалася». Затое ёсць крымінальная адказнасць за «перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» (артыкул 198 КК РБ)», — адзначыў ён.

Да гэтага Анатоль Кабернік ужо спрабаваў вынесці папярэджанне кіраўніку «Бабруйскага кур’ера». Так, увечары 14 красавіка намеснік пракурора патэлефанаваў журналісту і настойваў, каб той прыйшоў у пракуратуру. Ён не ўдакладніў, для чаго гэта патрэбна, аднак паабяцаў прывесці афіцыйную позву. Затым Анатоль Кабернік прыехаў у двор рэдактара газеты і прасіў Анатоля Санаценку падпісаць дакумент, які назваў як «афіцыйнае папярэджанне». Ніякай позвы пры гэтым, па словах журналіста, намеснік пракурора не ўручыў. Падпісаць дакумент Анатоль Санаценка адмовіўся, растлумачыўшы, што не збіраецца што-небудзь падпісваць у неафіцыйнай абстаноўцы.

Як раней перадаваў Тэлеграф, за публікацыі, звязаныя з выбухам у Мінску, папярэджання атрымалі газета «n#####n» і галоўны рэдактар выдання «Салідарнасць».

Как вам новость?