Пракурор патрабуе асудзіць Саннікава на сем гадоў

13.05.2011 12:54
Архив Редакция

У судзе Партызанскага раёна Мінску 13 траўня, дзе праходзіць працэс супраць пяці фігурантаў "справы 19 снежня", перайшлі да спрэчак бакоў. Пракурор запатрабаваў асудзіць экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, трох удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня Іллю Васільевіча, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а яшчэ аднаго ўдзельніка мітынгу Алега Гнедчыка — да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзяржабвінаваўца у ходзе судовых спрэчак паўтарыў агучаныя раней абвінавачанні падсудным. На яго думку, у ходзе судовых разглядаў віна фігурантаў справы была цалкам пацверджана рэчавымі доказамі (у тым ліку відэазапісамі), пратаколамі ператрусаў, паказаннямі сведак і пацярпелых супрацоўнікаў спецназа, перадае «n#####n».

У сваю чаргу адвакаты падсудных з абвінавачаннем не згодныя. Па словах абаронцаў, склад злачынства па артыкуле «ўдзел і арганізацыя масавых беспарадкаў» у судзе даказаны не быў — не было падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву прадстаўнікам улады. Адносна абвінавачанняў у «гвалце над асобай», якое нібыта было ўжыта падсуднымі ў дачыненні да супрацоўнікаў спецназа, адвакаты лічаць, што жорсткі і неабгрунтаваны гвалт, наадварот, быў ужыты ў дачыненні да дэманстрантаў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у першы ж дзень судовых слуханняў пасля таго, як пракурор Антон Загародскі зачытаў афіцыйнае абвінавачанне, Андрэй Саннікаў, Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў заявілі, што не прызнаюць сваю віну ў інкрымінаваным ім злачынстве. Алег Гнедчык прызнаў сябе вінаватым толькі часткова, пацвердзіўшы, што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту, але да падпалаў і ўзброенага супраціву адносінаў ён не мае. Уладзімір Яроменак прызнаў сваю віну цалкам.

Как вам новость?
Головоломки