Пракурор запатрабаваў пасадзіць Аўтуховіча на 20 гадоў

17.04.2010 12:23
Архив Редакция

Пракурор Эльдар Сафараў на працэсе па справе ваўкавыскіх бізнэсмэнаў, які праходзіў 16 красавіка ў Вярхоўным судзе, запатрабаваў асудзіць аднаго з фігурантаў Мікалая Аўтуховіча да 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Па словах дзяржаўнага абвінаваўцы, Мікалай Аўтуховіч з'яўляецца вінаватым па ўсіх эпізодах крымінальнай справы.

Яшчэ двух фігурантаў справы, Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына, Эльдар Сафараў запатрабаваў асудзіць да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а палкоўніку міліцыі Міхаілу Казлову даць тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіраўнічыя пасады.

У сваю чаргу, як лічыць лідар аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які таксама прысутнічаў на працэсе, падчас «судовага следства абвінавачванне цалкам развалілася», перадае БелаПАН.

Як ужо раней паведамляў Тэлеграф, Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына вінавацяць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Беларусі Васіля Каменкі і былога губернатара Гродзенскай вобласці Ўладзіміра Саўчанкі.

Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў таксама вінавацяць у арганізацыі падпалу хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе. Усе фрагменты справы тычацца перыяду 2004-2005 гадоў.

Міхаіл Казлоў, падпалкоўнік міліцыі, які быў кіраўніком УБАЗ па Гродзенскай вобласці, вінаваціцца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту, але не распачаў меры па яго прадухіленні.

Как вам новость?
Головоломки