Прарэктар ВНУ патрабуе з "Народнай волі" 45 млн. рублёў

09.06.2010 15:27
Архив Редакция

Прарэктар гомельскага ВНУ Сяргей Ханеня патрабуе спагнаць праз суд з газеты "Народная воля" 45 млн. рублёў (каля 14,9 тыс. даляраў). "Падставай для іску стаўся перадрук артыкулу "Кандыдаты прад'явілі заробкі" з сайта грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", — Паведаміла намесніца галоўнага рэдактара газеты Святлана Калінкіна.

«Мы гэты артыкул перадрукавалі, — распавяла журналістка. — Прычым, удакладніўшы дадзеныя ў газеце «Гомельская праўда», бо менавіта ў ёй былі першапачаткова надрукаваныя дэкларацыі аб даходах. І менавіта на нас падалі ў суд, бо там пераблытаныя зарплаты і даходы. Менавіта праз гэтую блытаніну і ўзнікла спрэчка».

Намеснік галоўнага рэдактара лічыць, што такім чынам улады з дапамогай эканамічных мераў спрабуюць спыніць выхад «Народнай волі». «Калі за смерць чалавека, за згвалтаванне, інваліднасць на працы суды прысуджаюць максімум 1000 даляраў маральнай кампэнсацыі, а за крыўду таго ці іншага чыноўніка — дзесяткі тысяч даляраў, то тут пачынаецца палітыка», — прыводзіць словы Святланы Калінкінай «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах журналісткі, для незалежнай газеты, якая не мае дзяржаўных датацый, тысячы даляраў з’яўляюцца вялізнай сумай. Такія эканамічныя рычагі могуць спыніць выданне газеты, кажа Святлана Калінкіна.

«Тое, што цяпер адбываецца з газетай — прыкмета набліжэння прэзідэнцкіх выбараў. Улады імкнуцца спыніць выхад «Народнай волі» напярэдадні гэтай падзеі», — сказала журналістка і дадала: чаму тады прарэктар падаў у суд не на тых, хто першапачаткова распаўсюдзіў недакладную інфармацыю, а менавіта на іх газету?

Разгляд справы па іску Сяргея Ханені да «Народнай волі» адбудзецца дзявятага чэрвеня ў Ленінскім раённым судзе сталіцы.

Как вам новость?
Головоломки