Праваабаронцы: на 14,3% участкаў прымушалі галасаваць датэрмінова

16.12.2010 15:50
Архив Редакция

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч па выніках другога дня датэрміновага галасавання паведаміў, што на 14,3% выбарчых участкаў заўважаныя факты прымусу да датэрміновага галасавання. Таксама ў 2% выпадкаў праваабаронцы адзначылі выдачу адной асобе некалькіх бюлетэняў для галасавання.

Акрамя таго, па словах праваабаронцаў, на 258 участках, ахопленых назіральнікамі кампаніі, колькасць тых, хто прагаласаваў на 15 снежня адрозніваецца ад афіцыйных лічбаў. Па іх звестках прагаласавалі 18,615 тыс. чалавек, па звестках ЦВК — 19,161 тыс. чалавека, перадае БелаПАН.

«Розніца нязначная, прыкладна ў 500 чалавек, таму мы пакуль давяраем лічбам, якія дае ЦВК», — паведаміў Валянцін Стэфановіч.

Ён таксама распавёў, што на 10,5% участкаў назіральнікі адчувалі перашкоды ў сваёй дзейнасці, на 8,5% адзначылі ўплыў іншых асоб на дзейнасць выбарчых камісій.

Лазавік: заявы аб парушэннях галаслоўныя

Між тым сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што заявы аб парушэннях падчас датэрміновага галасавання галаслоўныя. «Гэта галаслоўныя заявы, а не факты парушэнняў, якія могуць паўплываць на вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах», — адзначыў ён.

«Калі кіраўніцтва ВНУ стварае ўмовы для датэрміновага галасавання, гэта не значыць, што студэнтаў прымушаюць да яго», — падкрэсліў сакратар ЦВК.

Як паведамляў Тэлеграф, за два дні датэрміновага галасавання ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ўзялі 7,2% выбаршчыкаў.

Как вам новость?
Головоломки