Праваабаронцы: студэнтаў і працоўных масава прымушаюць галасаваць датэрмінова

14.12.2010 16:28
Архив Редакция

У сталічных ВНУ студэнтаў масава прымушаюць да датэрміновага галасавання, абяцаючы наладзіць дадатковыя канікулы ці выгнаць з інтэрната. Падобная сітуацыя склалася і на беларускіх прадпрыемствах — супрацоўнікаў стымулююць пазапланавымі адгуламі ці пагражаюць ім праблемамі на працы, заявіў лідар Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

«У некаторых універсітэтах абяцаюць адпусціць ўсіх студэнтаў на «вакацыі» з таго дня, як яны прагаласуюць датэрмінова, і да 20 снежня. Г.зн. чым раней студэнт прагаласуе, тым больш у яго будуць «вакацыі», — прыводзіць словы Алега Гулака БелаПАН.

Юрыст, які таксама з’яўляецца адным з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адзначыў, што рэктары навучальных устаноў выкарыстоўваюць свой аўтарытэт. Так, яны пераконваюць студэнтаў прагаласаваць раней 19 снежня, каб «не падвесці» адміністрацыю ВНУ.

«Інфармацыі аб такіх выпадках вельмі шмат, мы цяпер яе збіраем і сістэматызуем. Акрамя таго, факты прымусу адзначаны не толькі ў ВНУ, але і на прадпрыемствах. Працаўнікам абяцаюць пазапланавыя адгулы, толькі б яны прагаласавалі датэрмінова. Нават патрабуюць, каб усе прагаласавалі ў першы дзень датэрміновага галасавання, гэта значыць 14 снежня. А матывацыя залежыць ад выканаўцы загаду: хтосьці прапаноўвае «пернікі» ў выглядзе свабодных ад працы і вучобы дзён, а хтосьці пагражае пазбаўленнем месцаў у інтэрнатах і праблемай у вучобе або на працы», — адзначыў Алег Гулак.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» фіксуюць, што ў большасці выпадкаў начальнікі не патрабуюць ад падначаленых аддаць свой голас якомусьці канкрэтнаму кандыдату. «Кажуць, галасуйце за каго хочаце, толькі прагаласуйце датэрмінова», — сказаў кіраўнік БХК.

Аднак, па інфармацыі Тэлеграфа, адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта старанна сочыць за тым, каб у ходзе выбарчай кампаніі студэнты не далучаліся да каманд апазіцыйных кандыдатаў.

«За намі строга сочаць, і за ўдзел, напрыклад, у арганізацыі сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатам ад апазіцыі пагражаюць выключыць з унівэрсітэту. Я сама пайшла на такую сустрэчу, затуляючы твар шалікам, каб мяне ніхто не пазнаў», — заявіла адна з студэнтак ВНУ, якая не назвала свайго імя.

Как вам новость?
Головоломки