Праз адсутнасць інвестараў першы праект прыватызацыі ў Беларусі праваліўся

19.08.2010 14:58
Архив Редакция

Першыя конкурсы па адчужэнні  пакетаў акцый беларускіх ААТ, што належаць дзяржаве, не адбыліся праз адсутнасць заявак ад патэнцыйных інвестараў. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі. Планавалася, што першыя конкурсы пройдуць 18 жніўня.

На першым конкурсе з пяці ААТ, уключаных у пілотны праект прыватызацыі, планавалася прадаць дзяржаўныя акцыі Бабруйскага машынабудаўнічага завода (Магілёўская вобласць), ААТ «Ваўмет» (Гарадзенская вобласць) і Лідскага ліцейна-механічнага завода (Гарадзенская вобласць). Сваю дапамогу па продажы гэтых прадпрыемстваў прапанавалі тры інвестагенты — KPMG, Ernst & Young і Юнітэр, аднак, гэта не дапамагло.

У Дзяржкаммаёмасці Беларусі паведамілі, што конкурсы па адчужэнні дзяржаўных акцый гэтых ААТ будуць паўторна аб’яўляць да канца гэтага года.

Таксама ў гэтым годзе плануюць правесці прыватызацыю яшчэ двух беларускіх ААТ — «Бархім» (Берасцейская вобласць) і «Рэчыцкі тэкстыль» (Гомельская вобласць). Конкурсы па адчужэнні акцыяў гэтых прадпрыемстваў прызначаны на 23 верасня. Прыватызацыю гэтых прадпрыемстваў плануюць правесці пры тэхнічнай падтрымцы Сусветнага Банка.

Эксперты: палітычная напружанасць адпужвае інвестараў

Няўдалую спробу правесці прыватызацыю беларускіх ААТ спецыялісты АФН тлумачаць тым, што другая палова 2010 года з’яўляецца няўдалым перыядам для прыватызацыі праз празмерную палітычную напружанасць, выкліканую будучымі прэзідэнцкімі выбарамі.

Акрамя таго, лічаць эксперты, першапачатковы кошт дзяржпакету і ўмовы іх продажу не прывабныя для інвестараў. Так, напрыклад, умовы набыцця акцыяў Бабруйскага машынабудаўнічага завода (51% з пачатковай цаной 16,7 млрд. рублёў) прадугледжваюць унясенне на працягу года ў статутны фонд таварыства 15 мільярдаў рублёў, а таксама забеспячэнне захавання на працягу двух гадоў працоўных месцаў. У той жа час, па дадзеных Дзяржкаммаёмасці, кошт чыстых актываў ААТ на 1 студзеня 2010 года складае 33,5 млрд. рублёў.

Кошт чыстых актываў ААТ «ВолМет» складае 5,2 млрд. рублёў. Плануецца прадаць 48,9% акцыяў па пачатковай цане 2,54 млрд. рублёў. Для пакупкі акцыяў неабходна на працягу двух гадоў накіраваць на развіццё прадпрыемства два мільярды рублёў.

Пачатковы кошт пакету акцыяў Лідскага ліцейна-механічнага завода (99,5% акцыяў) складае 12,2 млрд. рублёў. У той час як кошт чыстых актываў ААТ — 12,26 млрд. рублёў. Патэнцыйны інвестар абавязаны будзе накіраваць на развіццё завода на працягу двух гадоў мільён даляраў, а таксама захаваць на працягу двух гадоў колькасць працоўных месцаў (400 чалавек) і профіль дзейнасці прадпрыемства (ліццё чыгуну, лёгкіх і іншых каляровых металаў, перапрацоўка адкідаў і лому металаў).

Как вам новость?
Головоломки