Прэс-сакратар Пуціна: ніякага супрацьстаяння з Лукашэнкам няма

21.07.2010 09:07
Архив Редакция

Прэс-сакратар расійскага прэм'ера Уладзіміра Пуціна Дзмітры Пяскоў заявіў, што ўрад РФ не будзе рэагаваць на з'яўленне ў беларускай газеце «Рэспублiка» артыкула расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Па словах афіцыйнага прадстаўніка прэм'ер-міністра Расіі, ніякага супрацьстаяння паміж прэм'ерам РФ і прэзідэнтам Беларусі няма.

«Ёсць прыхільнасць да пэўных ідэяў рэальнага партнёрства. Ці яе няма. Для нас галоўнае — гэта эканоміка, якая ў інтарэсах як нашай краіны, так і ў інтарэсах Беларусі, можа быць, нават у першую чаргу Беларусі. Гэта рух у два накірункі — гэта не аднабаковая дарога, дзе ўсе рэкі павінны цячы толькі ў Беларусь», — прыводзіць словы Дзмітрыя Пяскова GZT.ru.

Разам з тым, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна са шкадаваннем канстатаваў наяўнасць «пэўных цяжкасцяў» у адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Па ягоных словах, расійскі прэм’ер заўсёды выступаў за цесную эканамічную інтэграцыю дзвюх краінаў, аднак цяпер «такая паслядоўная пазіцыя сутыкаецца з непаслядоўнай пазіцыяй».

Як раней паведамляў Тэлеграф, у сваім артыкуле былы віцэ-прэм’ер Расіі Барыс Нямцоў распавёў, чаму паміж Расіяй і Беларуссю пачалася інфармацыйная вайна і чым яна можа скончыцца. Прычынай з’яўлення «вострых» сюжэтаў на беларускую тэму сталіся асабістыя ўзаемаадносіны прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, лічыць адзін з лідараў расійскай апазіцыі.

Тым часам расійскія камуністы правялі пікет у абарону Аляксандра Лукашэнкі.

Акцыя пратэсту супраць паказу на тэлеканале НТВ фільмаў «Хросны бацька» і «Хросны бацька-2», у якой прынялі ўдзел перадусім пенсіянеры, адбылася каля будынка філіяла НТВ у Санкт-Пецярбургу, паведамляе «Росбалт». «Гэтыя перадачы — два цэбары памыяў на прэзідэнта брацкай краіны», — заявіў сакратар ячэйкі КПРФ Цэнтральнага раёна Санкт-Пецярбургу Аляксандр Кондураў.

На думку прадстаўнікоў КПРФ, тэлеканал сваімі дзеяннямі падрывае расійска-беларускія адносіны. У сувязі з гэтым удзельнікі пікету запатрабавалі неадкладна стварыць саюз Беларусі і Расіі, на чале якога павінен быць Аляксандр Лукашэнка.

Расійскія камуністы таксама заявілі, што адной акцыяй пратэсту яны не абмяжуюцца.

Как вам новость?