Прысуд Марцалеву, Севярынцу і Халіп вынесуць 16 траўня

14.05.2011 10:03
Архив Редакция

У пятніцу, 13 траўня ў судзе Заводскага раёна Мінску скончыўся разгляд справы жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца і кіраўніка штаба экс-кандыдата Мікалая Статкевіча Сяргея Марцалева. Прысуд фігурантам справы суд вынесе ў 10:00 16 траўня.

Пасля спрэчак бакоў пракурор, які перакананы ў тым, што віна абвінавачаных у ходзе працэсу была даказаная, папрасіў суд прысудзіць Ірыну Халіп да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Паўла Севярынца пракурор запатрабаваў асудзіць на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у месца адбывання пакарання, Сяргея Марцалева — да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, перадае БелаПАН.

Усіх падсудных за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Павел Севярынец і Ірына Халіп віну ў інкрымінаваных ім злачынствах не прызнаюць. Сяргей Марцалеў сваю віну прызнаў цалкам, аднак у ходзе допыту падкрэсліў, што акцыя пратэсту ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня меркавалася мірнай.

У сваю чаргу Ірына Халіп падчас допыту заявіла, што 19 снежня на плошчы Незалежнасці яна выконвала журналісцкае заданне. Удзел у несанкцыянаванай акцыі абвінавачаная прызнала і падкрэсліла, што свае 15 сутак за гэта яна ўжо адседзела.

Как вам новость?
Головоломки