ПСП заклікае апазыцыю абраць "адзінага"

09.11.2010 09:06
Архив Редакция

Аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу звярнуўся да дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якія сабралі 100 тыс. подпісаў, з заклікам спыніць унутраную самазнішчальную барацьбу і выбраць "адзінага". ПСП мае намер "актыўна працаваць па назіранні за падлікам галасоў і далучыцца да грамадзянскай ініцыятывы "Беларускі выбар", гаворыцца ў заяве.

«Вядома, што кожны народ мае такога кіраўніка, якога ён заслугоўвае. Беларускі народ — гэта мірныя, працавітыя, добрыя, высакародныя, разважлівыя людзі. Таму яны заслугоўваюць таго, каб ім была прадастаўлена магчымасць на гэтых выбарах прагаласаваць за такога чалавека, які з’яўляецца выразнікам і носьбітам найлепшых рыс, якасцяў народа. Гэта значыць, што прэзідэнтам павінен быць абраны сумленны і паслядоўны ў сваіх словах і дзеяннях чалавек, высакародны і высокамаральны ў сваім асабістым і грамадскім жыцці», — гаворыцца ў звароце, перадае «Беларускі партызан».

«ПСП лічыць, што сярод прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта Беларусі, якія ідуць ад дэмакратычных сіл, ёсць такі чалавек, і заклікае прэтэндэнтаў вызначыць гэтага чалавека і выставіць яго ў якасці адзінага кандыдата на гэты пост. Тым самым грамадзянам будзе прадастаўлена сапраўдная, рэальная магчымасць абраць у якасці прэзідэнта чалавека, які павядзе краіну да свабоды і прагрэсу і тым самым дасць магчымасць народу выжыць і развіцца ў будучай гісторыі», — адзначаюць аўтары звароту.

Старшыня аргкамітэту ПСП Уладзімір Навасяд, ацэньваючы перспектывы з’яўлення адзінага кандыдата, лічыць, што «каманды прэтэндэнтаў складаюцца з партыйцаў, і калі партыі заявяць аб сваёй пазіцыі, сітуацыя можа памяняцца. Інакш партый проста няма…»

Адказваючы на пытанне аб тым, ці не змірылася апазіцыя з чарговай «элегантнай перамогай», а таму партыйныя кандыдаты будуць рэкламаваць толькі партыі і сябе, Уладзімір Навасяд адзначыў: «Тавар пасля рэкламы, як правіла, купляюць. Пасля выбараў тавар нават са зніжкай будзе нікому не патрэбны».

Как вам новость?
Головоломки