Пуцін гатовы даць на беларускую АЭС шэсць мільярдаў даляраў

20.01.2011 17:33
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў на сустрэчы са сваім беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам 20 студзеня аб гатовасці Масквы даць крэдыт будаўніцтва АЭС у Беларусі. Паводле слоў расійскага прэм'ера, цяпер паміж бакамі засталіся рознагалоссі з нагоды кошту будаўніцтва станцыі.

Як адзначыў кіраўнік расійскага ўрада, Расія ацэньвае будаўніцтва беларускай АЭС у шэсць мільярдаў даляраў, а ўдзел Беларусі ў гэтым праекце можа скласці 30-40%, перадае ПРАЙМ-ТАСС.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі заявіў, што базавае пагадненне з Расіяй па будаўніцтве беларускай АЭС будзе падпісана ўжо ў першым квартале 2011 года. Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час у Мінск прыедуць прадстаўнікі расійскага боку, з якімі будзе абмяркоўвацца практычны бок рэалізацыі праекту.

Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, выпрацоўка планаванай АЭС электраэнергіі складзе 27-28% ад цяперашняй устаноўленай магутнасці энергасістэмы Беларусі.