Пуцін: МАЗ і КамАЗ аб'яднаюцца

16.03.2011 10:05
Архив Редакция

Актывы найбуйнейшых вытворцаў вялікагрузных аўтамабіляў Беларусі і Расіі — МАЗ і КамАЗ — будуць аб'яднаныя. Пра гэта 15 сакавіка падчас беларуска-расійскіх перамоваў заявіў прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін "Стварэнне гэтага альянсу будзе спрыяць стварэнню канкурэнтаздольнай прадукцыі беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў", — сказаў ён.

«Гэта прыкметны крок у рамках інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі ў дачыненні да рэальнага сектару эканомікі», — адзначыў расійскі прэм’ер, паведаміўшы, што ў бакоў «шмат добрых інвестыцыйных праектаў», перадае БелаПАН.

Пуцін: Беларусь «абскакала» Расію

Таксама Уладзімір Пуцін заявіў, што ў плане экспартна-імпартных паставак прадукцыі Беларусь «абскакала» Расію. «Расійскі экспарт у Беларусь у мінулым годзе вырас на 8%, а імпарт беларускіх тавараў у Расію — больш чым на 46%», — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што краіны маюць намер выйсці на збалансаваныя паказчыкі.

На думку кіраўніка расійскага ўрада, бакі дасягнулі пэўнага прагрэсу ў стварэнні Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. «Мы на здзіўленне хутка і якасна правялі падрыхтоўку іх асноватворных элементаў», — лічыць ён.

Паводле яго слоў, дамоўленасці будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню беларуска-расійскіх адносін. У сваю чаргу беларускі прэм’ер Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што краіны дамовіліся аб будаўніцтве АЭС. Ён перакананы, што «Беларусь і Расія змогуць выйсці на аналагічнае супрацоўніцтва ў газавай і нафтавай галіне».

Как вам новость?