Пуцін заклікаў Беларусь увайсці ў Мытны саюз з ліпеня

01.07.2010 16:52
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскі бок настроены на працу ў рамках Мытнага саюза ў трохбаковым фармаце, пры актыўным удзеле Беларусі. "Лічу, што нам важна адразу ж пачаць працу ў трохбаковым фармаце пры актыўным удзеле нашых беларускіх партнёраў. Расія настроена менавіта на такое паўнавартаснае узаемавыгаднае супрацоўніцтва", - сказаў кіраўнік урада РФ.

Таксама расійскі прэм’ер заявіў, што Расія не супраць інтэграцыі іншых краінаў у Мытны саюз, перадае РИА «Новости».

«Нягледзячы на асцярогі, абсалютна перакананы, што мы паступаем правільна. Гэта гістарычны выбар Расіі — ісці па шляху інтэграцыі з нашымі найбліжэйшымі суседзямі і партнёрамі, збліжацца ў эканамічнай сферы, уніфікаваць сацыяльныя нормы з дзяржавамі і народамі, з якімі расійскі народ на працягу стагоддзяў існаваў ў рамках адзінай дзяржавы», — сказаў Пуцін першага ліпеня на паседжанні прэзідыума ўрада Расіі.

«Дзверы для такой інтэграцыі і для больш глыбокай ступені інтэграцыі адчыненыя. Усе, хто хоча скарыстацца, змогуць гэта зрабіць», — падкрэсліў прэм’ер.

Першы віцэ-прэм’ер РФ Ігар Шувалаў, у сваю чаргу, заявіў, што з першага ліпеня 2011 мытныя пасты на адзінай мытнай тэрыторыі трох краінаў павінны перастаць існаваць.

Дагавор аб Мытным кодэксе Мытнага саюза быў падпісаны ў Менску 27 лістапада 2009 года. Яго падпісанне было абумоўлена неабходнасцю фармавання прававой базы Мытнага саюза ў рамках ЕўрАзЭС з улікам паглыблення інтэграцыі паміж РФ, Беларуссю і Казахстанам. Мэтай дамовы з’яўляецца забеспячэнне мытнага рэгулявання на адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза.