Пургурыдэс: цяпер няма магчымасці правесці свабодныя выбары ў Беларусі

08.10.2010 15:57
Архив Редакция

Адзін са спецдакладчыкаў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, аўтар дакладу "Зніклыя людзі Беларусі" Хрыстас Пургурыдэс лічыць, што магчымасці для правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі сёння не існуе. «Мяркуючы па той інфармацыі, якая даходзіць да Еўропы, гэта будуць не сапраўдныя выбары, а пародыя на іх», — заявіў Хрыстас Пургурыдэс.

«Я вельмі ўважліва назіраю за становішчам з правамі чалавека і дэмакратыяй у вашай краіне. Мне па-ранейшаму цікава, як у вас ідуць справы з дэмакратыяй, вяршэнствам закона або выкананнем прававых нормаў, як вырашаецца пытанне з адменай смяротнага пакарання. Магу сказаць, што ніякага прагрэсу пакуль няма. Мне нават здаецца, што сітуацыя пагаршаецца», — сказаў спецдакладчык ПАРЕ, перадае «Народная воля».

Хрыстас Пургурыдэс адзначыў, што са свайго боку робіць усё магчымае, каб правесці расследаванне спраў зніклых у Беларусі людзей. «Мы стараемся выкарыстоўваць любыя магчымасці — праз ААН ці праз ўрады краін Еўрапейскага Саюза — дамагацца далейшага расследавання таго, што адбылося з гвалтоўна выкрадзенымі ў Беларусі людзьмі. Але пакуль ва ўладзе знаходзіцца спадар Лукашэнка, наўрад ці ёсць магчымасць расследаваць гэтыя справы», — заявіў прадстаўнік ПАРЕ.

Пургурыдэс: без Расіі Лукашэнка не пратрымаецца і некалькі тыдняў

«Я глыбока перакананы ў тым, што Лукашэнка не можа доўга заставацца пры ўладзе як адзін з апошніх яшчэ жывых дыктатараў у Еўропе. І тое, што ён да гэтага часу кіруе краінай, на мой погляд, абумоўлена толькі падтрымкай Расіі», — сказаў дакладчык ПАРЕ.

«Ёсць відавочныя сігналы, якія сведчаць аб тым, што прэзідэнту Расіі ўжо проста надакучыў Лукашэнка. І калі расійскі ўрад цалкам перастане падтрымліваць Лукашэнку, ён не пратрымаецца пры ўладзе і некалькіх тыдняў», — дадаў Хрыстас Пургурыдэс.

«Калі б прэзідэнт Расіі мог дзейнічаць цалкам самастойна, то ён бы даўно ўжо прыняў адпаведнае рашэнне ў дачыненні да дэмакратыі ў Беларусі. Але ў Расіі ёсць яшчэ і іншыя моцныя асобы (вы, напэўна, разумееце, каго я маю на ўвазе), якія, на жаль, усё яшчэ падтрымліваюць Лукашэнку. Таму ён і застаецца пры ўладзе», — сказаў прадстаўнік ПАРЕ.

Хрыстас Пургурыдэс упэўнены, што Аляксандра Лукашэнку «ў канчатковым выніку напаткае тая ж доля, што спасцігае многіх дыктатараў». «Усе іншыя дыктатары альбо апынуліся ў турме, альбо народ іх лінчаваў, альбо яны павінны былі адправіцца за мяжу — у выгнанне. Я не выступаю за тое, каб Лукашэнку павесілі, як гэта зрабілі з некаторымі дыктатарамі, толькі па той простай прычыне, што я супраць смяротнага пакарання», — заявіў дакладчык асамблеі.

Как вам новость?
Головоломки