Піва можа падаражэць на 50%

03.06.2011 15:21
Архив Редакция

Крыніца ў органах дзяржкіравання паведаміла, што ўрад Беларусі падрыхтаваў праект указу прэзідэнта аб павелічэнні акцызаў на алкагольную прадукцыю. У прыватнасці, акцызы на піва прапануецца павялічыць ў 4,6 раза. Паводле разлікаў вытворцаў, калі стаўку піўнога акцыза паднімуць з цяперашніх 350 рублёў да 1,6 тыс. рублёў за літр, гэта прывядзе да падаражэння піва на 50%.

На думку экспертаў, такім чынам урад паспрабуе змагацца з невыкананнем плана па даходах ад акцызаў. Так, у першым квартале 2011 года ад акцызаў у дзяржбюджэт паступіла 900 млрд рублёў, што складае толькі 17% ад гадавога плана, перадаюць «Беларускія навіны».

Пасля патрабаванні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі не паднімаць цэны на тавары указ аб павышэнні акцызаў на алкагольную прадукцыю, які ўрад планаваў з 1 чэрвеня рэалізаваць у тры этапы, адклалі. Аднак крыніца ў органах дзяржкіравання не выключае, што ўказ аб павышэнні акцыза на піва могуць прыняць заднім чыслом. Гэта паставіць у складанае становішча вытворцаў, бо ім давядзецца гасіць не запланаваныя раней фіскальныя абавязацельствы.

Аднак пакуль афіцыйна аб змене акцызаў кіраўніцтва піваварных кампаній не праінфармаванае.

Між тым, эксперты адзначаюць, што ў выпадку, калі акцыз на піва істотна вырасце, а акцызы на гарэлку і іншыя моцныя алкагольныя напоі, як плануецца, выведуць на ўзровень інфляцыі, то гэта будзе стымуляваць спажыванне моцнага алкаголю.

У 2009 годзе за сярэднямесячную зарплату можна было купіць 397 літраў піва і 88 літраў гарэлкі

Так, па разліках экспертаў піўнога рынку, у 1990 годзе за сярэднямесячную зарплату можна было купіць 433 літры піва або 16,6 літра гарэлкі. Ужо ў 2009 годзе на сярэднямесячную зарплату можна было купіць толькі 397 літраў піва, а гарэлкі — 88 літраў. Гэта значыць, за апошнія 20 гадоў пакупальніцкая здольнасць беларусаў у адносінах да піва знізілася, а ў адносінах да гарэлкі істотна вырасла.

«У нас выклікае асцярогу той факт, што піва становіцца ўсё больш дарагім прадуктам у разліку на градус алкаголю ў параўнанні з моцнымі напоямі», — заявіла намесніца гендырэктара па маркетынгу ААТ «Піўзавод Аліварыя» Надзея Дзешкавец.

У сваю чаргу генеральны дырэктар «Лідскага піва» Аўдрус Мікшыс адзначыў, што ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя, процілеглая сітуацыі на Захадзе. Па яго словах, усё ідзе да таго, што стаўкі акцызаў на моцны алкаголь і на піва зраўняюцца, у той час як у заходніх краінах акцыз на піва ў 5-10 разоў меншыя за акцыза на моцныя напоі.

Півавары: інфляцыя справакуе яшчэ большы рост коштаў на піва

Між тым, акрамя акцызаў ёсць і іншыя падставы для павышэння цаны на піва. Генеральны дырэктар ААТ «Піўзавод Аліварыя» Міхаіл Чэчанеў паведаміў, што з 1 чэрвеня для прадпрыемства больш чым на 30% павялічыўся кошт соладу. Акрамя таго, інфляцыя, якая ў гэтым годзе плануецца на ўзроўні 33-39%, таксама будзе правакаваць рост коштаў.

Аўдрус Мікшыс адзначыў, што самае складанае ў цяперашняй сітуацыі з’яўляецца тое, што планаваць бізнэс сёння стала практычна немагчыма. «Сітуацыя страшная. Калі б было складана, але зразумела, можна было б неяк падрыхтавацца. А калі складана і незразумела — гэта падвойная праблема», адзначыў гендырэктар «Лідскага піва».

Как вам новость?
Головоломки