Рабаўніка, які пагражаў заразіць ахвяр СНІДам, пасадзілі на восем гадоў

15.03.2010 16:24
Архив Редакция

31-гадовы гамяльчанін у канцы 2009 года здзейсніў напады на трох жанчын. Рабаўнік пагражаў заразіць сваіх ахвяр СНІДам, калі тыя не аддадуць яму ўсё самі. За здзейсненыя злачынствы мае панесці пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Па словах супрацоўнікаў праваахоўных органаў, мужчына падкрадаўся да сваіх ахвяр, падносіў да шыі нейкі прадмет і пагражаў заразіць смяротнай хваробай. Першай ахвярай стала 20-гадовая дзяўчына, але ў яе злачынец адняў толькі адну тысячу рублёў і мабільны тэлефон.

Праз некалькі гадзін рабаўнік вырашыў абрабаваць яшчэ адну жанчыну. Гэтым разам зламыснік адабраў залаты пярсцёнак з дыяментам і грошы. Затым мужчына напаў на іншую жанчыну, якая ўвечары вярталася з прадуктамі з крамы. Рабаўнік паваліў сваю ахвяру, але тая крычала і супраціўлялася. На дапамогу прыйшоў пажылы мінак.

Зламыснік схапіў пакет з прадуктамі і пачаў бегчы. Але яшчэ адзін неабыякавы да падзеі гамяльчанін нацкаваў на злачынца сабаку, у выніку чаго ён быў затрыманы і перададзены супрацоўнікам праваахоўных органаў, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».

Па словах памочніка пракурора Савецкага раёна Гомелю Юрыя Халасцякова, такі тэрмін прызначаны з прычыны таго, што абвінавачваны прызнаны судом небяспечным рэцыдывістам. Падчас следства атрымалася ўсталяваць, што на СНІД злачынец не хварэў.

Как вам новость?