Рада Еўропы асудзіла выкананне двух смяротных прысудаў у Беларусі

23.03.2010 18:27
Архив Редакция

Рада Еўропы рашуча асуджае выкананне двух смяротных прысудаў у Беларусі на мінулым тыдні. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні камітэта міністраў Рады Еўропы Мішэлін Кальмі-Рэй, генеральнага сакратара РЕ Турб'ерна Ягланда і кіраўніка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Меўлюта Чавушаглу.

«Смяротнае пакаранне з’яўляецца варварствам і дэградацыяй, менавіта таму яно была адменена Радай Еўропы пратаколам № 6 Еўрапейскай канвенцыі пра правы чалавека. Урад Беларусі застаецца адзіным у Еўропе, хто карае смерцю людзей», — падкрэсліваецца ў заяве Рады Еўропы.

«Нядаўняе прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, калі дадзеная інфармацыя пацвердзіцца, стане сур’ёзнай перашкодай на шляху збліжэння Беларусі і Рады Еўропы», — гаворыцца ў заяве, перадае БелаПАН.

Аўтары заявы адзначаюць, што Рада Еўропы «гатовая аказаць Беларусі любую дапамогу для пераадолення «самаізаляцыі» краіны». «Але калі пытанне тычыцца правоў чалавека і дэмакратыі, шлях можа быць толькі адзін. Мы зноў заклікаем да неадкладнай адмены смяротнага пакарання «, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы: улады Беларусі свядома парушылі нормы нацыянальнага і міжнароднага права

Як раней паведамляла праваабарончая арганізацыя Amnesty International, у канцы мінулага тыдня ў Беларусі былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзэпчук. Пра тое, што прысуды прыведзеныя ў выкананне, стала вядома ад маці Андрэя Жука. У МУС Беларусі ад каментароў устрымліваюцца.

Беларускія праваабаронцы заяўляюць, што «прывёўшы ў выкананне два смяротныя прысуды, улады Беларусі свядома парушылі нормы нацыянальнага і міжнароднага права».

«Паводле артыкула 61 Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Беларуссю, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі для абароны сваіх правоў і свабодаў, калі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны», — падкрэсліваюць праваабаронцы.

«Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы, у адпаведнасці з якім яе грамадзяне маюць права падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, — нагадалі праваабаронцы. — Васіль Юзэпчук і Андрэй Жук такія скаргі ў Камітэт падалі, аднак, нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаны, асуджаных пакаралі смерцю».

Как вам новость?
Головоломки